Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Канстанцін Ігельстром


Уладзімер Арлоў, Менск 8.5.1799, м. Шумск (цяпер Цярнопальская вобл. Украіна) — 13.11.1851, вайсковае пасяленьне Крамянскае пад Таганрогам

Канстанцін Ігельстром, капітан асобнага Літоўскага корпусу, размешчанага ў заходніх беларускіх губэрнях, быў добра знаёмы з расейскім паэтам Вільгельмам Кюхельбэкерам. Дзякуючы яму, сябру таемнага Паўночнага таварыства на чале з Мікітам Мураўёвым, да дзекабрысцкага руху далучыўся і Канстанцін.

Аддаючы належнае мужнасьці першых расейскіх рэвалюцыянэраў, трэба сказаць, што лёс Беларусі й беларускага народу мала цікавіў дзекабрыстаў, якія лічылі царскую імпэрыю чыста расейскай дзяржавай. Да прыкладу, Павел Песьцель быў перакананы, што на абшарах імпэрыі ўсе павінны быць расейцамі і размаўляць на “общепонятном русском языке”. Найменьні іншых народаў прапаноўвалася проста скасаваць.

Падобныя ідэі не маглі задавальняць патрыётаў зь земляў былога Вялікага Княства Літоўскага. Ігельстром разам з колішнім сябрам таварыства філяматаў шляхцічам Міхалам Рукевічам і паручнікам Літоўскага корпусу Аляксандрам Вягелінам стаў заснавальнікам і адным з кіраўнікоў таемнага таварыства “Ваенныя сябры”. Арганізацыя, якая налічвала 45 удзельнікаў, вяла антыўрадавую прапаганду ў войсках, абвяшчаючы сваімі мэтамі “вольнасьць”, “усеагульную асьвету і дабрабыт”.

24 сьнежня 1825 году, празь дзесяць дзён пасьля паўстаньня ў Пецярбурзе, “Ваенныя сябры” сарвалі прысягу цару Мікалаю I ў раскватараваным на Беласточчыне сапёрным батальёне, адной з ротаў якога камандаваў Ігельстром. Даведаўшыся пра гэта, Кюхельбэкер, які ратаваўся пасьля свайго славутага стрэлу на Сэнацкай плошчы ў вялікага князя Міхаіла Раманава, абраў шлях празь Беларусь. Аднак Ігельстром з паплечнікамі ўжо быў схоплены. Яго пазбавілі шляхецкіх правоў і асудзілі на пакараньне сьмерцю, якое было замененае 10-гадовай катаргай. Пасьля Сібіры ён мусіў пачаць службу шараговым у асобным Каўказкім корпусе, ваюючы супроць тых, хто таксама імкнуўся вырвацца зь сьмяротных абдымкаў імпэрыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG