Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На менскіх вадасховішчах пачаўся купальны сэзон


Любоў Лунёва, Менск У Менску стаіць гарачае надвор’е. Сотні гараджанаў ратуюцца ад сьпёкі на азёрах і рэчках. Ратаўнікі працуюць ад раніцы да позьняга вечара. Нягледзячы на гэта, ужо ёсьць ахвяры. Санэпідэміёлягі пакуль што ваду на Менскім моры, Камсамольскім возеры і ў Драздох лічаць прымальнай для купаньня. Нашая карэспандэнтка высьвятляла, наколькі абароненымі могуць адчуваць сябе людзі ля менскіх вадасховішчаў.

Дзеці і падлеткі, якія на вакацыях засталіся ў Менску, – самая вялікая праблема для ратаўнікоў. Падлеткі групамі прыходзяць, прыяжджаюць на вадасховішчы. Каб падтрымліваць парадак на Камсамольскім возеры, яго патрулююць міліцыянты. Але гэта ня значыць, што там не ўжываюць алькагольных напояў. Доктарка з брыгады ратаўнікоў расказала, што людзі ў нецьвярозым стане ня раз станавіліся аб’ектам увагі ратаўнікоў.

Самая распаўсюджаная зьява, калі нецьвярозыя спрабуюць даплысьці да якой-небудзь выспы. Пры гэтым яны ня лічаць за патрэбнае выказаць падзяку тым, хто іх выцягвае з вады ў катэр. Тых, якія паводзяць сябе агрэсіўна, ратаўнікі здаюць міліцыянтам.

Вось што расказала дзяжурная лекарка:

(Лекарка: ) “Маё жыцьцё, што хачу, тое й раблю”, – вось якія адказы. А то яшчэ нецьвярозы ды лаянкай… Толькі і чуем: “Я б даплыў. Чаго прыехалі?! З чаго вы ўзялі, што я патануў?!” Тут на нагах не стаіць, а кажа, што там мог даплысьці. Калі ён стаіць ціхенька і маўчыць, то мы яго не здаем. А калі крычыць, здаем. А, чаго там...”

На ратаўнічай станцыі працуюць дзьве брыгады. Двое сутак па 12 гадзінаў адна, а потым другая. У склад брыгады ўваходзяць тры вадалазы, кіроўца катэра і лекар. Увесь час ратаўнікі ў бінокль назіраюць за людзьмі, якія знаходзяцца ў вадзе. У выпадку трагедыі ідзе разбор. Высьвятляюць, ці своечасова зрэагавалі ратаўнікі, наколькі кваліфікавана і апэратыўна яны дзейнічалі. У выпадку, калі нават ратаўнікі не заўважылі, што чалавек патануў, іх могуць пакараць, але не ў судзе ці ў міліцыі, а даволі своеасабліва.

Вось што пра гэта казаў ратаўнік са станцыі ў Драздох. Дарэчы, там ужо ёсьць двое загінулых. Гэта мужчыны, якія скочылі з 10-мэтровай дамбы ў вадаспад.

(Ратаўнік: ) “Ну, калі ён узяў і патануў, то нам трэба тэрмінова выяжджаць, бо ў нас ня так шмат часу. А там, як пашчасьціць. Калі трагедыя здарыцца ў гэтым месцы, у радыюсе зоны дзеяньня, значыць, з нас будуць спаганяць”.

(Карэспандэнтка: ) “А што вам за гэта будзе?”

(Ратаўнік: ) “На нас будуць вельмі сварыцца”.

Такім чынам, лёзунг “Ратаваньне тых, хто тоне...” ня страціў сваёй актуальнасьці.

Санэпідэміёлягі пакуль што ня кажуць, што вада ў менскіх вадасховішчах брудная, нягледзячы на тое, што празрыстай яе не назавеш. Праз тыдзень пачнецца буйны рост травы і тады, як і летась, абвесьцяць, што купацца небясьпечна для здароўя. Але звычайна колькасьць аматараў адпачынку на менскіх вадасховішчах ад гэтага не памяншаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG