Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бронзавы леў з Канаў – за рэклямную акцыю "Свабода слова для Беларусі"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Акцыя “Свабода слова для Беларусі”, якую мінулай восеньню наладзіла польская філія аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”, ўзнагароджаная Бронзавым львом на фэстывалі міжнароднай рэклямы ў Канах.

Акцыя “Свабода слова ў Беларусі” палягала ў тым, што летась у лістападзе зь ініцыятывы Міжнароднай амністыі два вядучых польскіх штодзёньнікі „Gazeta Wyborcza” i „Rzeczpospolita” выйшлі з амаль цалкам закрэсьленымі тэкстамі на першых старонках – так, паводле аўтараў ідэі, выглядалі б гэтыя газэты пасьля працы беларускіх цэнзараў.

Гэтаксама выглядалі і старонкі некалькіх вядучых інфармацыйных інтэрнэт-парталаў і радыёстанцыяў.

Да таго ж на вуліцах польскіх гарадоў былі разьвешаныя 30 тысячаў плякатаў са здымкамі вядомых беларускіх журналістаў і грамадзкіх дзеячоў, якім скотчам заклеілі вусны.

Акцыя была настолькі заўважнай, што пра яе ў Польшчы памятаюць дагэтуль. А рашэньне журы фэстывалю міжнароднай рэклямы ў Канах яшчэ раз нагадала польскай і міжнароднай грамадзкасьці пра сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі.

(Панэк: ) “Гэтая ўзнагарода – гэта перадусім узнагарода сьвету рэклямы і даецца за прафэсіяналізм у гэтай галіне. Але ў дадзеным выпадку ўсе памятаюць і ведаюць, што гаворка ідзе пра Беларусь. Я цешуся перадусім з таго, што рэклямны сьвет даведаўся больш пра сытуацыю ў Беларусі, бо, магчыма, што некаторыя і ня ведалі, што там адбываецца. Я спадзяюся, што гэта не апошняя такая кампанія. Наша арганізацыя ахвотна будзе браць удзел у падобных акцыях”, – заявіла прадстаўнічка Міжнароднай амністыі Мірэла Панэк.

Для Міжнароднай амністыі кампанію “Свабода слова для Беларусі” падрыхтавала фірма “Saatchi & Saatchi Poland”. Паводле словаў кіраўніка фірмы Марка Жалэндзёўскага, найбольш удалай часткай кампаніі было тое, што да яе пагадзіліся далучыцца дзьве вядучыя польскія газэты, а таксама ўдалае супрацоўніцтва розных мэдыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG