Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вельмі сьмешна было чуць, што Ярмошына – самая-самая бедная..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за сераду, 21 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Па ўсім тэлевізійным і радыёперадачам, ва ўсіх газэтах быў апублікаваны выступ Кандалізы Райс аб тым, як яна наказвала прэзыдэнту Ўкраіны: што хочаш рабі, але ўладу не аддавай. Памяць у беларусаў вельмі добрая, таму, што ні рабілі бы Буш, Кандаліза, Мілінкевіч, але нават на ёту не падступяць. Таму я наказ даю, калі нехта з прыхільнікаў Аляксандра Рыгоравіча мяне чуе. Аляксандар Рыгоравіч! Вам ня трэба фальсыфікаваць, але калі трэба, мы, беларускі народ, вам даручаем: рабіце што заўгодна, але ўладу не аддавайце ні ў ніякім разе”.

(Гатоўскі, Менск: ) “У мяне ёсьць просьба да спадара Ракіцкага, каб ён расказаў у сваёй “Атлянтыдзе”, чаму гэта беларусы замежжа так натхнёна вучаць сваіх дзетак роднай мове? Хацелася, каб ён пра гэта пагаварыў, запытаў тых людзей, якія і зараз жывуць за мяжой”.

(Мечыслаў: ) “Паважаная “Свабода”! Сёньня з раніцы я пачуў некалькі разоў па расейскаму Радыё Свабода, што міністар фінансаў Злучаных Штатаў Амэрыкі сказаў: “замарозіць усе авуары прэзыдэнта Лукашэнкі”. Патлумачце, калі ласка, што гэта такое. Вялікі дзякуй”.

(Спадар: ) “Немагчыма да канца асэнсаваць ролю пісьменьніка Быкава ў нашай літаратуры, у нашай культуры. Але для мяне больш цікавы Быкаў-філёзаф, асабліва вось гэтыя яго радкі з “Доўгай дарогі дадому”. Цытую: “Толькі нацыяналізм з найбольшай выніковасьцю здольны аб’яднаць сілы грамадзтва ў ягоным дэмакратычным разьвіцьці”. Лепей ня скажаш”.

(Ларыса, пэнсіянэрка, Менск: ) “Ізноў паўстае пытаньне, ужо ня першы раз: ці ёсьць рахункі за мяжой у кіраўнікоў нашай дзяржавы альбо няма? Адны заходнікі ўпэўнена кажуць, што рахункі такія ёсьць. А гэтыя ў свой час моляцца, божацца, што ніякіх рахункаў няма. Каму верыць? Калі яны ёсьць, дык трэба ўпэўнена сказаць, якія, за што і колькі грошаў. Нейкія грошы, безумоўна, ёсьць, бо няма дыму без агню. І такое пацьвярджаецца ўжо тым, адкуль бралі грошы, каб шчодра адорваць артыстаў пад час іх выступаў у перадвыбарчай кампаніі. Вельмі сьмешна было чуць, што Ярмошына – самая-самая бедная. Яна адказала на маё пытаньне, якое я аднойчы ўжо ставіла. Я пытала, чаму грошы не трымаюць у беларускіх банках. Дык яна мне адказала, што трымае грошы ў “Беларусбанку”. Ярмошына, ня веру ні табе, ні табе падобным! Хто ў кармушкі, той жыве добра, а пэнсіянэры жывуць дрэнна. А дзяржава, якая не клапоціцца пра гэтую частку насельніцтва, не заслугоўвае павагі”.

(Спадарыня: ) “У мяне вялікая просьба ад усіх нашых людзей. Просім вас і просім увесь сьвет, каб не дапусьцілі нас да Расеі. Расея праглыне нашую краіну Беларусь. Абараніце нас ад Расеі!”

(Анастас Семяновіч: ) “Заява Аляксандра Фядуты зводзіцца да ідэі, што апазыцыі трэба нейкім чынам падтрымаць, разьдзяліць клопат улады ў новых умовах, якія ўзьнікнуць у выпадку, калі кошты на газ вырастуць у чатыры разы. Шмат разоў казаў, што ўлады Беларусі прывядуць краіну да разьбітага карыта. Што Вы, Фядута, канкрэтна прапаноўваеце? Акрамя дэмагогіі – нічога. Вельмі правільную пазыцыю занялі нашы дэмакраты – адхіленьне ад улады незаконнага галоўнага начальніка Беларусі. У нас было цэлых 12 гадоў, каб прадпрыемствы перайшлі на новыя тэхналёгіі. У гэтай вобласьці практычна нічога не рабілася ўладай, акрамя хлусьні. Час наступіў, што трэба праводзіць вялізарную эканомію ва ўсім: скараціць на 95% АМОН, не праводзіць розныя вучэньні з салдатамі, з аховы начальніка пакінуць аднаго двух чалавек, калі яны баяцца народу”.

“Пытаньне да вас, шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода. Калі мае два сыны зьехалі ў Канаду і атрымалі там грамадзянства, ці магу я паехаць жыць да іх? Там, акрамя іх, жывуць мае ўнукі і ўнучкі. Мне і жонцы больш за 70 гадоў”.

(Спадар: ) “Скажыце, калі ласка, ці можна дзе-небудзь дастаць дыск “Быкаў на Свабодзе”?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG