Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў пяты месяц з дня арышту актывістаў “Партнэрства”


Радыё Свабода, Менск Сёньня пайшоў пяты месяц з дня арышту актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якіх вінавацяць у замаху на правы выбарнікаў. Крымінальная справа чакае разгляду ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Судзьдзя Леанід Ясіновіч запатрабаваў дадатковы месяц на вывучэньне гэтай справы.

У апошнім прэс-рэлізе Дзярждэпартамэнту ЗША арышт актывістаў “Партнэрства” названы адным з апошніх сьведчаньняў “намаганьняў улады абмежаваць правы беларускіх грамадзянаў”.

Беларускімі праваахоўчымі органамі шматлікія хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня для Эніры Браніцкай, Цімафея Дранчука, Міколы Астрэйкі і Аляксандра Шалайкі не былі задаволеныя. Адвакат Дранчука Павел Сапелка сьведчыць, што сытуацыя, калі на разгляд справы памерам 6 тамоў судзьдзя патрабаваў дадатковы месяц – першая ў ягонай немалой практыцы:

(Сапелка: ) “Законам прадугледжана, што і ў выпадку нецяжкіх злачынстваў мерай стрыманьня можа быць вызначаны арышт. Але паводле агульнай практыкі, калі чалавек мае сям’ю, сталае месца жыхарства, не перашкаджае правядзеньню сьледзтва, – такая мера не ўжываецца”.

Апроч таго, на погляд адваката Дранчука, даказанасьць віны ягонага падабароннага вельмі сумнеўная:

(Сапелка: ) “Нават сам склад злачынства выклікае зьдзіўленьне. Выклікае зьдзіўленьне само дачыненьне абвінавачаньня паводле гэткага складу злачынства да дзеяньняў “Партнэрства” – нават калі лічыць іх даказанымі. Спадзяюся, што прафэсіяналізм і аб’ектыўнасьць суду дазволяць нам атрымаць прысуд, адэкватны ўчыненаму”.

У Цімафея Дранчука падчас яго знаходжаньня за кратамі нарадзіўся сын. Бацька Цімафея Валеры Дранчук кажа, што ў лістох Цімафей шмат піша пра сына:

(Дранчук: ) “Зь лістоў Цімафея я адчуваю, наколькі пакутліва ён перажывае, што Платон ня чуе ягонага голасу, не адчувае ягоных рук. Пакуль Цімафея не было, я пасадзіў на нашым родавым хутары 10 дубоў у гонар унука Платона. Яны вельмі добра прыняліся і падрасьлі цягам двух з паловай месяцаў разам з Платонам – на 10-20 сантымэтраў. Гэта будзе пачаткам паркавай кампазыцыі, прысьвечанай нараджэньню Платона і новай Беларусі”.

Яўгенія, маці Міколы Астрэйкі, расказвае пра настрой сына:

(Астрэйка: ) “Вельмі маральна стаміўся. Але нарэшце атрымаў кнігі, якія замовіў яшчэ, мабыць, на першым месяцы свайго арышту. Нешта занатоўвае, нешта піша. Спрабуе пісаць вершы. Што атрымаецца – паглядзім, калі ён выйдзе. Трымаецца. Чакае суду. Вельмі расчараваны, што яшчэ падоўжаны разгляд справы”.

* * * Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” знаходзяцца за кратамі з 21 лютага. Артыкул 193 (частка другая), паводле якога завялі крымінальную справу, прадугледжвае ў якасьці пакараньня арышт да 6 месяцаў або пазбаўленьне волі да 3 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG