Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Свабодны тэатар” бярэ ўдзел у фэстывалі эўрапейскай драматургіі


Радыё Свабода У нямецкім Вісбадэне праходзіць фэстываль “Новая эўрапейская драматургія”. Удзел у ім бяруць 29 маладых тэатраў Эўропы, сярод якіх і “Свабодны тэатар” зь Менску.

Восьмы раз запар на Вісбадэнскі біенале зьяжджаюцца самыя авангардныя тэатральныя калектывы Эўропы. Сёлета як ніколі раней шырока прадстаўленая творчасьць маладых тэатральных калектываў з Усходняй Эўропы. “Свабодны тэатар” зь Менску, бадай, адзіны з 29 удзельнікаў біенале, які працуе ва ўмовах так званага падпольля. У Менску гэты тэатар ня мае сцэны. На яго спэктаклі не прадаюцца білеты. Акторы граюць або ў барах, або на кватэрах…

Удзел у Вісбадэнскім біенале стаў для менскіх актораў сапраўдным сцэнічным дэбютам.

...На подыюм Вартбургу, што недалёка ад Вісбадэну, выходзяць чатыры, у рабочай вопратцы, акторы. Стрыжань спэктаклю “Мы. Самаідэнтыфікацыя” – гэта размовы рабочых у бытоўцы галоўнага да нядаўняга часу будаўнічага аб’екту краіны – Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Кажуць, што адзін са стваральнікаў спэктаклю нават наўмысна перакваліфікаваўся ў рабочыя, штодня насіў у сваёй вопратцы ўключаны дыктафон, каб аўтэнтычна перадаць звычайныя меркаваньні звычайных беларускіх будаўнікоў пра гэтую надзвычайную будоўлю.

“Як успрыняла вісбадэнская публіка гэтыя дыялёгі?” – пытаньне да тэатральнага крытыка і журналіста зь Вісбадэну Герда Клее.

(Клее: ) “Я магу сказаць, што публіка вельмі пазытыўна прымала беларусаў. Хаця сама па сабе гэтая эстэтыка ня вельмі для нас звыклая. Гэта вельмі плякатная драматургія, з такім жорсткім палітычным пасылам. Публіцыстычны тэкст, зь якога вынікаюць даволі канкрэтныя, скажам так, рэчы. Плякатнасьць – гэта, дарэчы, асаблівасьць ня толькі менскага тэатру, але і расейцаў, палякаў. Тым ня менш беларусаў кожны раз прымалі добра, яны выступалі на нашых пляцоўках тройчы”.

На Вісбадэнскім біенале не выдаюць прызоў і не вызначаюць найлепшых. Мэта фэстывалю – абмен ідэямі, абмеркаваньне стану і тэндэнцыяў сучаснай эўрапейскай драматургіі.

Вісбадэнскі фэстываль сучаснай эўрапейскай драматургіі працягнецца да 25 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG