Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Хася Прусьліна


Уладзімер Арлоў, Менск 23.1.1901, в Гарбачова (цяпер Расонскі раён) — 25.11.1972, Менск

Калі гітлераўская Нямеччына напала на Савецкі Саюз, менскі пэдагог Хася Прусьліна праводзіла мужа ў войска і засталася з двума дзецьмі. Неўзабаве ўсе трое апынуліся ў гета. Маленькага сына фашысты забілі пад час адной з сваіх “акцыяў”. Дачку ўдалося запісаць беларускай і адправіць у дзіцячы прытулак.

Хася ўзначаліла ў гета адну з падпольных групаў-“дзесятак”, у задачу якой уваходзіла сувязь з астатнім горадам. Атрымаўшы фальшывы пашпарт на імя Пелагеі Фядзюк, яна ўладкавалася прыбіральшчыцай па-за ганебным мурам і здолела зьвязаць нелегальныя габрэйскія групы зь Менскім падпольлем. Аднак далейшае знаходжаньне ў горадзе зрабілася сьмяротна нябясьпечным: на вуліцах зьявіліся сотні нямецкіх ўлётак зь яе фотаздымкам. У партызанскім аддзеле яна адразу трапіла на падазрэньне “асабістам”, якія абвясьцілі Прусьліну засланкаю акупантаў. На шчасьце, адзін з байцоў аказаўся яе колішнім студэнтам і выратаваў Хасю ад магчымага расстрэлу.

“Хася Мэндэлеўна”, – сказалі ёй па вайне ў адным чыноўніцкім кабінеце. – Чаму б вам не пакінуць сабе падпольнае імя і не зьмяніць нацыянальнасьць?” Хася адказала, што хоча застацца габрэйкай. “Жы-доў-кай”, – зласьліва ўдакладніў гаспадар кабінету.

Доўгі час над усімі ўдзельнікамі менскага атыфашыстоўскага супраціву, які не кантраляваўся ўладамі, вісела абвінавачаньне ў здрадніцтве. Падазрэньні здымаліся толькі з закатаваных у гестапа. Падпольны рух у гета ня быў выняткам, хутчэй наадварот, бо ўлады не прызнавалі асобай палітыкі гітлераўцаў у дачыненьні да габрэяў.

З мэтаю рэабілітацыі менскага, у тым ліку і габрэйскага супраціву фашыстам Прусьліна, рызыкуючы страціць працу, распачала чытаньне сваіх неартадаксальных лекцыяў. У 1957-м не ўважаючы на папярэджаньні “кампэтэнтных органаў” арганізавала кампанію зваротаў да Мікіты Хрушчова, у ЦК КПСС і цэнтральныя выданьні. Былі напісаныя дзясяткі лістоў з сотнямі подпісаў былых падпольшчыкаў. Праз тры гады намаганьні Прусьлінай далі плён: часопіс “Коммунист” надрукаваў першы артыкул, дзе Менскае падпольле прызнавалася, так бы мовіць, “легітымным”. Цяпер пра ягоных герояў напісаны кнігі і зьнятыя фільмы.
XS
SM
MD
LG