Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – агляд беларускага сеціва 20 чэрвеня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

Удзельнікаў форума TUT.by кранула навіна пра тое, што прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш падпісаў указ пра арышт рахункаў і маёмасьці беларускіх службоўцаў, адказных за парушэньні правоў чалавека. Санкцыі распаўсюджваюцца на дзесяць чыноўнікаў. Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў сьпіс ня трапіла, але ўжо назвала гэты ўказ парушэньнем правоў і свабодаў любога чалавека. Тутбаеўцы камэнтуюць: “Падавай у суд! Усе 83 адсоткі цябе падтрымаюць… А калі ў чалавека няма нічога, дык нашто камэнтаваць”. Іншы водгук: “Наколькі я памятаю, простым сьмяротным нашае гуманнае заканадаўства забараняе мець рахункі ў замежных банках без адмысловага дазволу Нацбанку. Дык таварыш Ярмошына чарговым разам схлусіла наконт грамадзянскіх правоў”.

Не такую жвавую рэакцыю выклікае яшчэ адна сёньняшняя палітычная навіна – урад Латвіі вырашыў выдаваць грамадзянам Беларусі бясплатныя візы. Аўтар svabodnubelarus у ЖЖ-суполцы minsk_by камэнтуе: “Майго дзеда ледзьве пусьцілі туды пагасьцяваць да сваякоў дый тое толькі на тры дні. Зацягалі з усялякімі даведкамі й бюракратыяй: то ў Менск яжджай, то ў Віцебск. Беларуская мытня што хоча, тое й чыніць”.

Чальцы Адкрытага гістарычнага клюбу (http://histclub.com/forums/showthread.php?t=127&page=5) працягваюць абмяркоўваць дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі Расейскай праваслаўнай царквы. На думку карыстальніка skarbnik, РПЦ сапраўды застаецца “русской” і не жадае паспрыяць адраджэньню нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў. Праваслаўныя сьвятары, у адрозьненьне ад каталіцкіх, амаль не імкнуцца размаўляць па-беларуску. Аўтар skarbnik піша: “Нядаўна па тэлевізіі па-беларуску выступаў адзін тэоляг з БДУ і распавядаў пра кананічны пераклад Бібліі на беларускую мову, які рыхтуецца. Але такіх беларускамоўных як ён папросту ня бачна і не чутно... І гэтак будзе працягвацца надалей, пакуль беларуская мова будзе выкінутай з богаслужэньняў”.

На форумах сайту Менгарвыканкаму (http://www.minsk.gov.by/cgi-bin/frm_list.pl?kd_tem=30&mode_m=open&sort=kd%20desc) абмяркоўваецца актуальная праблема: “Дык гэта праўда, што санстанцыя выдала нарматыўны дакумэнт, які дазваляе карыстацца прыбіральнямі дзяржаўных установаў? Пытаньне вельмі набалелае, бо давялося з маленькім дзіцём тэрмінова шукаць прыбіральню, бо ў крамах (“Кірмаш”, ГУМ, ЦУМ) нас не пускалі”.

Адказвае іншы наведвальнік: “Самае сьмешнае ў тым, што праблему з прыбіральнямі можна вырашыць лёгка й проста: такія ўстановы існуюць на ўсіх станцыяў мэтрапалітэну, паколькі гэта аб’екты грамадзянскай абароны. Дык адчыніце іх для наведнікаў! А ў якасьці аплаты, калі такая справа, можна скарыстаць мэтрапалітэнаўскія жэтончыкі”.

А на сайце studenty.by напярэдадні летніх студэнцкіх вакацыяў зьмешчаная апытанка: “З прадчуваньнем якой падзеі чакаеш летніх вакацыяў?” Большасьць удзельнікаў апытаньня (27 адсоткаў) чакаюць мора, піва й шашлыкоў. Крыху меней за 24 адсоткі аддадуць перавагу працы, на якую нарэшце зьявіцца час. Каля 22 адсоткаў апытаных паедуць вандраваць па сьвеце. Для 13 адсоткаў не хадзіць ва ўнівэрсітэт – гэта ўжо падзея. Рэштка (іх па 4 адсоткі) будуць адпачываць на лецішчы, альбо гуляць вясельлі – свае ці сяброўскія.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG