Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балоньня


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою: палітбюро, трусы сямейныя, балоньня, Сопацкі фэстываль, дзявочы сьпеўнік, чалавек-амфібія, "па блату"... Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фатаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.

Напачатку шэсьдзесят чацьвертага году на экранах тады яшчэ рэдкіх тэлевізараў мільгнуў малады сьпявак Мусьлім Магамаеў. Пяюн кагадзе вярнуўся з Італіі, дзе стажыраваўся ў знакамітым опэрным тэатры “Ля Скала”. Пры гэтым на сьпеваку была куртатая, цьмянага бляску апранаха з мэталёвымі гузікамі. Нешматлікія ўладальніцы тэлевізійных прыймачоў ня ведалі тады – каго аблашчваць ахмялелымі позіркамі: сьпевака, ці ягоную апранаху. Бальшыня й ня ведала, як называецца гэты куртаты, дзіўнага крою плашч. І толькі самыя абазнаныя, наблізіўшы насы да экранаў, захоплена выдыхнулі: “Балоньня!”

Жыўцом тыя плашчы ніхто ня бачыў, і пра іх распавядалі розныя байкі. Казалі, што балоньню можна скамечыць, піхнуць у кішэнь, а потым зноў апрануць. Праўда, байкам тым мала хто даваў веры. Зьявіліся і адпаведныя показкі. Распавядалі, у прыватнасьці, пра зайца, які знайшоў у лесе прэзэрватыў, нацягнуў на вушы, і пачуў ад зайчыхі: “Зусім, касы, ашалеў! Дзеці галодныя, а ён балоньню купляе”.

Першыя плашчы-балоньні зьявіліся ў нас дзесьці праз год. Завозілі іх у Саюз марыманы гандлёвага флёту. Каштавалі плашчы ад сарака да шасьцідзесяці рублёў – шалёныя грошы. Аднак, нават маючы патрэбную суму, набыць абноўку было ня так і проста, бо гандляроў пільнавала міліцыя. Так, у Вільні культавую вопратку прадавалі з чатырох гадзінаў ночы і да шасьцёх гадзінаў раніцы ля галоўнага калгаснага рынку. А чацьвертай гадзіне панавала цемра, і даводзілася, каб прымерыць адзежыну, паліць газэтныя жмуты.

Самымі дэфіцытнымі былі жаночыя плашчы чырвонага колеру. У модніц была завядзёнка: засукваць рукавы, прычым, па самыя локці. Сьцілягі, у сваю чаргу, падымалі каўняры і як найтужэй зацягвалі паясы ў раёне ніжэй геніталій. Яшчэ адна адзнака стылю – балоньневыя барэты. Іх насілі, выцягнуўшы наперад брылёк. Самым шыкоўным лічыўся плашч, у якога на сьпіне мелася капронавая сетка. Сетку ўшывалі дзеля вэнтыляцыі, бо балоньня не прапускала ня толькі ваду, але й паветра. У цёплае надвор’е людзі ў іх прэлі, і скура пакрывалася нязводнымі прышчамі.

Прыканцы шасьцідзясятых на экранах Беларусі зьявіўся Ален Дэлон у белым дэмісэзонным плашчы. Плашч быў з баваўнянай тканіны, і савецкі народ – ад Масквы да самых да ўскраін, зразумеў: няма ў сьвеце іншай апраткі, дзе так вольна дыхае цела. І акурат тым часам, калі самыя “прасунутыя” менчукі паехалі ў Вільню шукаць аленадэлонаўскі дэмісэзон, савецкая лёгкая прамысловасьць наладзіла масавы выпуск балоньні, заваліўшы крамы ўцэненых тавараў. У сярэдзіне сямідзясятых гэта было адзеньне вясковых пастухоў. Ды, кінутыя пад куст, іх зжавалі калгасныя каровы. Не пастухоў, вядома, а прасоленыя ад поту балоньні.
XS
SM
MD
LG