Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпеўнікі


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою: палітбюро, трусы сямейныя, балоньня, Сопацкі фэстываль, дзявочы сьпеўнік, чалавек-амфібія, "па блату"... Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фатаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.

Адразу папярэдзім: гаворка не пра паэтычныя зборнікі, а пра агульныя сшыткі, куды дзяўчыны – мае аднагодкі – запісвалі розную непатрэбшчыну. У тых сшытках можна было знайсьці тэксты папулярных песень, мудрагелістыя выслоўі, гісторыі пра школьныя любошчы, варажбу (спатыкнешся – чакай знаёмства з хлопцам), а таксама інтымныя дзёньнікі. Старонкі сьпеўніка багата ілюстраваліся – як малюнкамі самой уладальніцы, так і часопіснымі здымкамі сьпевакоў ды актораў. На той час пра нейкі там глямур не было і гаворкі, адсутнічала нават прыстойная паліграфія, і здымкі выразалі з часопісу “Здоровье” ды бюлетэню “На экранах Беларусі”. Ляпілі і фотакарткі актораў. Яны прадаваліся ў менскіх шапіках па 9 капеек за штуку.

Аднак пачынаўся сьпеўнік эстэтычнай дыспазыцыяй. На першай старонцы, пад жарай геаргінай, месьціўся пералік наступнага зьместу: мой улюбёны колер – блакітны; мая ўлюбёная кветка – незабудка; маё ўлюбёнае імя – Віталік; мой улюбёны актор – Алег Відаў. Пералік быў даволі зьмястоўным – тут табе і ўлюбёныя песьні, і фільмы, і нават свойскія жывёлы. Некаторыя пісалі і імя каханага хлопца, але гэта рабілі самыя сьмелыя і адчайныя.

Прысутнічала і паэзія. Гэта былі вершы паэта Эдуарда Асадава. Прынамсі, верш: “Шли, смеясь, по набережной хмурой парень со спортивною фигурой и девчонка – тонкий стебелёк» прысутнічаў у кожным сьпеўніку. Слова “девчонка”, дарэчы, пісалі праз “ё”, і наагул сьпеўнікі стракацелі граматычнымі памылкамі. Яшчэ адным гітом быў верш ананімнага аўтара з наступным зачынам: «Появился у нас мальчишка в классе – красив, как вешняя заря…»

Празаічны разьдзел зьмяшчаў шчымлівыя аповеды пра каханьне сяміклясьніцы і дзесяціклясьніка. Прычым, герой прыканцы аповеду гінуў – яго забівалі хуліганы. І калі небарака, з нажом у сэрцы, падаў, з-пад крыса балоньневай курткі выпадалі тры чырвоныя ружы, якія нёс каханай.

Апошні разьдзел складаў дзёньнік. Пісаўся ён, як правіла, у інфантыльна-гарэзьлівым ключы. Кшталту: «Хімічка, зараза, уляпіла двойку. Кантрольная па геамэтрыі – 3. Увечары хадзілі з Іркай на танцы. Круцілі на ўсе 5!»

Сьпеўнік хавалі ад чужых вачэй і давалі пачытаць толькі самым блізкім сяброўкам. Здаралася, што хлопцы-аднаклясьнікі яго перахоплівалі і пачыналі публічнае чытаньне – з рогатам і нецэнзурнымі камэнтарамі. Потым, праўда, вярталі, намаляваўшы пад вокам улюбёнага актора сіні "ліхтар" і забясьпечыўшы кіназорку мужчынскім начыньнем неверагодных памераў. Былі выпадкі, што дзяўчыны потым пераходзілі ў іншыя школы, а то і рэзалі сабе вены. Так што гэта была страшная рэч: дзявочы сьпеўнік.
XS
SM
MD
LG