Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ствараецца расейска-беларускі слоўнік футбольных тэрмінаў


Іна Студзінская, Менск Упершыню беларускія заўзятары футболу пачулі камэнтары па-беларуску ў 1982 годзе. Першым беларускамоўным камэнтатарам быў супрацоўнік рэдакцыі вяшчаньня для дзяцей Беларускага тэлебачаньня, аматар футболу Алесь Камароўскі. Потым яго падтрымалі Ўладзімер Навіцкі, Сяргей Новікаў... Цяпер, на жаль, вельмі рэдка можна пачуць камэнтары па-беларуску, і тое толькі па тэлеканале "Лад". Маладыя камэнтатары скардзяцца, што няма, маўляў, слоўніку, тэрміны незразумелыя. І нават тыя дасьведчаныя, хто раней нядрэнна камэнтаваў па-беларуску, перайшлі на расейскую мову. Вялікі аматар футболу, выпускнік Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Багдан Арлоў вырашыў дапамагчы камэнтатарам і спартовым журналістам – узяўся за стварэньне расейска-беларускага слоўніку футбольных тэрмінаў.

Першы беларускамоўны футбольны камэнтатар Алесь Камароўскі кажа, што і на пачатку 80-х былі тыя самыя моўныя праблемы, што і цяпер:

(Камароўскі: ) "Многіх слоў не было, хаця многія ангельскія тэрміны: вуглавы – корнер, па-за гульнёй – афсайт... Даводзілася лазіць у даведнікі. Да прыкладу, па-расейску: "мяч выходит за лицевую линию". Адразу цяжка перакласьці, падумалі-падумалі: "Мяч сыходзіць за лінію варот".

Першых беларускамоўных камэнтатараў падтрымалі гледачы: спадар Камароўскі ўзгадвае, што лісты ў рэдакцыю праносілі мяхамі. Асабліва яго ўзрушыў ліст маці пяціклясьніка, якая распавяла, што сын апантана пачаў вучыць беларускую мову, каб глядзець футбол.

Ствараць расейска-беларускі футбольны слоўнік Багдана Арлова падштурхнулі памылкі, якія робяць спартовыя камэнтатары, што цяпер, на жаль, зрэдку вядуць рэпартажы па-беларуску на тэлеканале "Лад". А таксама нераспрацаванасьць спартовай лексыкі ўвогуле, і футбольнай у прыватнасьці.

Ідэя ўзьнікла даўно, але Багдану перашкодзіў пераезд Нацыянальнай бібліятэкі. Але цяпер, падчас чэмпіянату сьвету, Багдан вярнуўся да гэтай справы. Вось што ён распавёў пра некаторыя прынцыпы працы:

(Арлоў: ) "Калі ёсьць нейкія варыянты, калі можна было адыйсьці ад нейкіх расейскіх запазычанасьцяў, то менавіта такія варыянты ўключаю. Але нельга было цалкам адмаўляцца ад што называецца звыклых словаў, хай яны і з расейскай мовай перасякаюцца, але больш звыклыя і больш зразумелыя. Па-расейску "отразіть атаку". Я даю "адбіць атаку". Нашы камэнтатары часьцяком кажуць: "Атразіць атаку", а тое і "адлюстраваць атаку", яшчэ што-небудзь. Каб спрасьціць ім задачу, стараюся такія тыповыя выразы, клішэ нейкія ўводзіць".

На думку Багдана Арлова, нельга даваць цалкам незразумелыя для бальшыні словы, але нельга і цалкам калькаваць. Таму лепш прапаноўваць некалькі варыянтаў.

(Арлоў: ) "Калі ёсьць нейкае слова ўнікальнае беларускае, але мала ўжывальнае альбо ўвогуле неўжывальнае, то яго трэба даваць, але як варыянт. Калі будуць два варыянты, то, як мінімум, людзі будуць разумець, што значыць тое незнаёмае слова".

Што да нязвыклага для беларускага вуха тэрміну "мундыаль" і дзеяслову "заўзець", Багдан Арлоў выказаў такое меркаваньне:

(Арлоў: ) "Заўзяты чалавек, заўзятар. Але дзеяслоў "заўзець", мне здаецца, штучна створаны. А вось "мундыаль" – абсалютна нармальны гішпанізм, усе ўжываюць".

Мяркуецца, што ў расейска-беларускім футбольным слоўніку будзе каля адной тысячы тэрмінаў. Аб''ём слоўніка ня надта вялікі, таму без асаблівых цяжкасьцяў яго можна будзе выдаць, лічыць Багдан Арлоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG