Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква ўзмацняе кантроль за ўвозам беларускага цукру


Міхал Стэльмак, Менск Мытная служба Расейскай Фэдэрацыі мае намер стаць на перашкодзе цукровым пастаўкам зь Беларусі, якія парушаюць расейскае заканадаўства.

Расея пачала змаганьне з парушэньнямі парадку ўвозу ў краіну беларускага цукру. Пра гэта гаворыцца ў дакумэнце, падпісаным першым намесьнікам кіраўніка Фэдэральнай мытнай службы Расеі Ўладзімірам Шамахавым. Падкрэсьліваецца, што на Маскоўскай заходняй мытні зафіксавана рэзкае падзеньне аб’ёмаў беларускага цукру, прызначанага для расейскіх спажыўцоў. Кіраўніцтва расейскай мытні робіць выснову, што цяпер вялікая колькасьць яго пастаўляецца Беларусьсю з парушэньнямі ўстаноўленага парадку. Як лічыць Уладзімір Шамахаў, або цукровыя патокі мінаюць на мяжы пункты пропуску, або цукровым махлярствам спрыяюць карумпаваныя расейскія мытнікі.

Аднак, паводле прадстаўнікоў беларускага боку, уся прадукцыя пастаўляецца без парушэньняў заканадаўства. Гаворыць намесьнік дырэктара Слуцкага цукровага заводу Валеры Налётаў:

(Налётаў: ) “У дачыненьні да нашага заводу я магу сказаць, што гэта няпраўда. Слуцкі цукар ідзе. Мы ўвесь цукар у Расейскую Фэдэрацыю прадалі. І даволі пасьпяхова”.

Усяго ў Беларусі чатыры цукровыя заводы. Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась яны вырабілі 864 тысячы тонаў цукру: зь іх 400 тысяч – з цукровых буракоў, астатняе – з імпартаванага цукровага трысьнягу. Экспарт у Расею – асноўная крыніца даходаў беларускіх цукравытворцаў. Між тым Масква забараніла Менску свабодна ўвозіць цукар з замежнай сыравіны. Аднак беларускі бок, як лічаць расейцы, доўгі час ігнараваў гэтую забарону. Таму вырашана кантраляваць пастаўкі. Ад 10 лютага ўвесь беларускі цукар, перш чым трапіць да расейскіх спажыўцоў, павінен накіроўвацца на Маскоўскую заходнюю мытню. Але ўжо ў сакавіку новы парадак справакаваў гучны скандал: Расея затрымала 30 вагонаў беларускага цукру, які нібыта вырабляўся менавіта з трысьнягу. Каб урэгуляваць канфлікт, беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі мусіў зьвярнуцца да свайго калегі Міхаіла Фрадкова. Спроба канфіскацыі выклікала недавер беларускага боку да новага парадку. Наступствам стала скарачэньне паставак беларускага цукру праз Маскоўскую заходнюю мытню. Як лічаць расейцы, беларусы пачалі дзейнічаць у абыход гэтага парадку.

Аднак Масква зьбіраецца цьвёрда абараняць свае інтарэсы ў цукровай сфэры. Гаворыць экспэрт расейскага Інстытуту каньюнктуры аграрнага рынку Андрэй Станішэўскі:

(Станішэўскі: ) “Беларускі цукар насамрэч зьяўляецца праблемай для цукровага рынку Расеі. Не таму, што пастаўляюцца яго такія вялікія аб’ёмы, а таму, што яго гандаль ажыцьцяўляецца ў найніжэйшым сэгмэнце цукровага рынку. То бок ён зьбівае кошт у нядобрым сэнсе гэтага слова. Таму, натуральна, любая краіна, любы рынак імкнуцца абараняцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG