Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вялікі жаль, што Быкаў не дажыў да сакавіцкіх падзеяў і ня бачыў, колькі беларусаў было на плошчы Кастуся Каліноўскага"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за панядзелак, 19 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”! У мяне зварот да “маладафронтаўцаў”. Юныя мае сябры! Дзе вы бачылі ці чулі, што ў дыктатарскага рэжыму чалавечае аблічча ці чалавечы твар? Дыктатарскага рэжыму ва ўсім сьвеце такога няма, усюды ён нечалавечы, ці ў былым СССР, ці ў Эўропе, ці ў Афрыцы, ці ў Паўночнай Амэрыцы, ці ў Азіі. Я вам раю чытаць асэнсавана ўспаміны Андрэя Дзьмітрыевіча Сахарава, калі ён галадаваў, як вы. І хацеў бы вам параіць назваць сваю арганізацыю “юныя сахараўцы” акадэміка Андрэя Дзьмітрыевіча. Жадаю вам здароўя! Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Прывітаньне слухачам “Свабоды”. У мяне меркаваньне па пытаньню тыдня адносна беларускай мовы. Першае, я мяркую, што ўсё залежыць ад “Буквара”: чый “Буквар”, грамадзяніна той краіны мы і рыхтуем. А ў нас яшчэ ў пачатковых клясах беларуская мова на ўзроўні расейскай мовы, перакладаюць на беларускую. Выходзіць, два гады дзеці ня вучаць беларускую мову.

Другое. Хачу прачытаць вам па памяці байку Кандрата Крапівы “Казёл”.

(Зоя Мікалаеўна, Заслаўе: ) “Справа ў тым, што нядаўна я сутыкнулася з такімі абставінамі. Я інвалід другой групы. Апошнія тры гады мяне ў гарвыканкаму падпісвалі на газэту “Звязда”. Сёлета я пазваніла, мне сказалі, што мяне на гэтую газэту не падпішуць, бо гарвыканкам мае права распараджацца сваімі бюджэтнымі сродкамі, і выпісалі мне “Рэспубліку”. Мяне не цікавіць гэта газэта, мяне цікавіць “Звязда”. Гэта старэйшая наша беларуская газэта, я да яе прывыкла. Справа ня ў тым, што мне ня выпісалі гэту газэту, я сама на яе падпішуся за свае грошы, а справа ў тым, што апошняе паўгодзьдзе мэтанакіравана зьнішчаецца наша беларуская “Звязда”. Яна выдаецца з 1917 году, хутка адзначыць свой юбілей. Дадаткам да гэтай газэты ёсьць “Чырвоная зьмена”, гэта для моладзі. Але ж вы ведаеце моўныя пытаньні ў нас на Беларусі, яе не выпісваюць. Проста я зьвяртаюся да Саюзу пісьменьнікаў, да нашых пісьменьнікаў, Арлова, Бураўкіна, Іпатавай, да Трусава, дапамажыце газэце! Можа, можна ў інтэрнэт напісаць пра гэтыя абставіны”.

(Мікола Ільючык, Лунінецкі раён: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт мовы. Канечне, па-беларуску трэба размаўляць, мову трэба вучыць. І тым, хто лічыць сябе беларусам, цураецца сваёй мовы, павінны быць сорамна. Прыкладам для нас могуць быць людзі, які ніколі ня жылі на Беларусі, напрыклад, Юры Карапэцкі, зь якім я нядаўна сустракаўся, яны ніколі не былі ў Беларусі, але вывучылі мову, любяць яе, шануюць яе і размаўляюць на ёй. Такое пажаданьне, каб усе рабілі так, як ён. Хай гэта будзе добры прыкладам для ўсіх нас”.

(Віталь, былы прадпрымальнік: ) “Дзень добры, Радыё Свабода! Асабіста да спадара Ягора Маёрчыка. Быкаў ёсьць і застаецца для мяне незабруджанай Беларусьсю, незабруджанай бальшавізмам і гопніцтвам, якія пануюць у нашай Беларусі. Цяпер не хапае нам Васіля Ўладзімеравіча. Ён для нас – Сумленьне зь вялікай літары. Жыве Беларусь! Жыве свабода!”

“Спадарства! Пра беларускую мову – гэта правакацыйнае пытаньне. Беларус абавязкова павінен размаўляць на беларускай мове. Збрэндзілі пра такое пытаньне, ці што? А той, хто ня хоча на ёй размаўляць, няхай селіцца ў Russian Town. Крыху радыкальна, але ганьба тым, хто не падтрымлівае беларускую мову, хоць і ўскосна”.

(Спадарыня: ) “Хачу адказаць на пытаньне тыдня. Самае галоўнае са спадчыны Быкава для мяне – гэта паказ у яго творах праўды народнай барацьбы супраць фашызму, без прыкрасу, выхваленьня, лякіраваньня. Ён і сам быў вельмі сьціплы чалавек, сумленны. Вялікі жаль, што ён не дажыў да сакавіцкіх падзеяў і ня бачыў, колькі беларусаў было на плошчы Кастуся Каліноўскага і якая цудоўная там была моладзь з чыстымі, сьветлымі тварамі. Жыцьцё Васіля Быкава павінна служыць прыкладам усім беларусам”.

(Пэнсіянэрка, інвалід 2-й групы, Менск: ) “Мэр Менску Міхаіл Паўлаў лічыць, што з кожным годам расьце дабрабыт народу, маўляў, некалькі год таму людзі трацілі на харчаваньне 60% даходу, зараз – 30; больш купляюць прамтавараў і будуюць жыльля. Хацелася б запытаць Паўлава, няўжо таньней сталі прадукты харчаваньня і квартплата; павялічыліся заробкі, пэнсіі і стыпэндыі; можа, мы па працягласьці жыцьця займаем першае месца ў сьвеце, можа, мы набліжаемся да камунізму? Не! Нашаму мэру і ў галаву не прыходзіць думка, што людзі сталі жыць надгаладзь, савецкае адзеньне і башмакі знасіліся; павялічылася колькасьць жыхароў і сямей, якія жывуць у адной кватэры, у іх ужо падрастаюць унукі, на аднаго чалавека прыходзіцца 2 м2. Вось і зьбіраюць яны капейкі на жыльлё на шкоду здароўю. Гэтыя словы Паўлаў сказаў на сустрэчы з дэпутатамі нашай Вярхоўнай рады. Хацелася б пачуць меркаваньні грамадзянаў рэспублікі наконт гэтага”.

(Спадарыня: ) “Хачу выказацца наконт мінулай галадоўкі “маладафронтаўцаў”. Галадоўка “маладафронтаўцаў” была вельмі мужнай акцыяй пратэсту. Падтрымлівалі яе ўсе разважныя беларусы і людзі ў другіх краінах. Нашыя хлопцы і дзяўчаты паказалі ўсяму сьвету, што жыве Беларусь”.

“Адказ на пытаньне пра беларускую мову. Беларусы павінны размаўляць на сваёй роднай мове беларускай. І каб ва ўсіх зьявілася жаданьне размаўляць па-беларуску, пройдзе шмат часу, але штучна гэта ня зробіш. Трэба, каб людзі як можна часьцей па радыё, па тэлебачаньню слухалі, як размаўляюць на беларускай мове нашыя пісьменьнікі, паэты, як гэта мова льецца зь іх вуснаў. Трэба, каб моладзь ведала пра беларускія гурты. Калі мы будзем чуць галасы Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Лявона Вольскага і іншых, жаданьне размаўляць па-беларуску ўзьнікне само сабой. У тэкстах песень рок-гуртоў беларускіх гаворыцца пра любоў да сваёй краіны, няма пошласьці, няма бруду, але іх мы вельмі рэдка чуем у эфіры”.

(Спадарыня: ) “У суботу 17-чэрвеня ў Віцебску былі затрыманыя шэсьць актывістаў, абаронцы намётавага гарадку і проста неабыякавыя грамадзяне-патрыёты. Гэта Казак Каця, Казак Лена, Аляксей Панасік, Насань Вераніка, Дзяніс Дзянісаў, Тацяна Ялоўская. Іх затрымалі ў 7 гадзін вечара за тое, што раздавалі ўлёткі, прычым улёткі раздавалі пара чалавек, астатніх затрымалі проста “за кампанію”. Аляксея Панасіка абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам, Дзяніса Дзянісава адпусьцілі. Усе хлопцы знаходзіліся ў Кастрычніцкім РАУС г. Віцебску больш за тры гадзіны: Дзяніса выпусьцілі каля 24:00, дзяўчатаў павезьлі кудысьці ў бок Воршы, пасьля гэтага ў мяне не было зь імі ніякай сувязі, таму невядома, ці завезьлі іх у Воршу ці ў Менск. У 2 гадзіны мне патэлефанавалі іх сябры, што чакалі іх каля РАУС, сказалі, што ў кватэры па вул. Жосткага, дзе яны спыніліся, уварваліся незнаёмыя людзі, не прад’явілі не дакумэнтаў, ні ордэраў. Калі я ім ператэлефанавала, было чуваць чужыя галасы, агрэсіўны тон... Абсалютнае бяспраўе... Немагчыма з гэтым мірыцца, трэба сапраўды нешта рабіць і рабіць трэба ўсім нам, патрыётам гэтай краіны”.

“У гэты час усе знаходзяцца ў Кастрычніцкім РАУС, толькі ўжо добраахвотна, і пішуць скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў з праваахоўных органаў. Інфармацыю атрымлівала праз Жану, тэлефоны...”

(Спадарыня: ) “Пачула, як адзін чалавек патэлефанаваў на шаноўную “Свабоду” і сказаў, што помнікі Леніну, Дзяржынскаму і іншым павінны быць у нас у Беларусі. Яны нам непатрэбныя! Гэта нядобры чалавек званіў. У нас павінны быць помнікі Яну Паўлу ІІ, шаноўнаму Бушу і іншым разумным людзям”.

(Спадар, Пінск: ) “Зараз паслухаў запіс Васіля Быкава аб тым, як беларускія ўлады імкнуліся захаваць ад народу праўду аб радыяцыйнай бясьпецы для жыцьця і здароўя. Я ўжо зьвяртаўся з гэтым пытаньнем да вас, але хачу, каб вы зноў зьвярнуліся з гэтым пытаньнем да чыноўнікаў ці да навукоўцаў. Калі ж у нас у Беларусі, якая выпускае касьмічныя апараты, розную тэхніку, халадзільнікі, кампутары і іншае, чаму да гэтага часу не наладзіўся выпуск бытавых індывідуальных дазымэтраў, якія былі ў дапрэзыдэнцкай Беларусі, якія былі таннымі і даступнымі?

Яшчэ я атрымаў сьвежы нумар часопісу “Наука и жизнь” з Расеі. У шостым нумары невялічкі артыкул, што, напрыклад, у Англіі шэсьць станцыяў ачысткі каналізацыйных стокаў за год даюць 12 мільёнаў кіляватаў электраэнэргіі. У нас жа каналізацыя забруджвае атмасфэру. Чаму б у нас замест таго, каб будаваць пляны аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі не ўзяць тую электраэнэргію, якую можна ўзяць нават з нечыстотаў?”

“Хачу выказацца зноў наконт адной праблемы, якая абмяркоўвалася ў вашай перадачы і на афіцыйным узроўні. Я пачуў, як “Беларуськалій” спыніў сваю працу, і як незалежны прафсаюз змагаецца за правы працоўных. Я хацеў бы выказацца наконт працы прафсаюзаў, якія існуюць на многіх прадпрыемствах, арганізацыях, установах.

На мой погляд, яны працуюць ня вельмі добра. Я мяркую па тым, што дзясяткі, сотні людзей кожны дзень езьдзяць на працу і вязуць з сабой на працу ежу, каб паесьці ў абед. А між тым на прадпрыемствах працуюць сталовыя, але пахарчавацца там многім рабочым не па кішэні, надта дорага. Таму яны харчуюцца тым, што ўзялі з хаты – і гэта не на карысьць здароўю людзей. А між тым у пачатку 90-х гадоў на кожным прадпрыемстве да заробку асобна дадавалася кампэнсацыя на харчаваньне. Многія нават не выкарыстоўвалі яе, і гэта была даволі адчувальная прыбаўка да заробку. Вось такая мая думка наконт працы афіцыйных і неафіцыйных прафсаюзаў”.

(Спадар: ) “Слухачам “Свабоды”, аматарам футболу. Праз спадарожнік “Сірыюс” трансьлюецца платны канал “Інтэр”, але ў адкрытым рэжыме. У 19-22 гадзіны ёсьць ідэальны паказ футболу на ідэальнай украінскай мове”.

(Леў Навуменка: ) “Гэта Леў Навуменка, які крыху галадаў, вельмі добра гэта ведаю. Вось хлопцы хочуць выйсьці з галаданьня і зварыць кашу. Трэба ня кашу варыць, а вялікую каструлю супу з бульбай, морквай, бураком – усе прадукты беларускія, самыя лепшыя; можна дадаць верхні крапівы. Лепш варыць усё беларускае, ніякай экзотыкі не рабіць. Таксама пасьля галаданьня баляць зубы. Гэта баляць ня самі зубы, а забіваецца ежа паміж зубамі, таму і раздражняецца. Трэба проста ўзяць шчотку і пачысьціць зубы. Таксама вельмі добра настойваць ягады шыпшыны. Хутка будзе клубніца – гэта будзе вельмі добра. Усе сучасныя прадукты. Жадаю хлопцам посьпехаў, каб усё ў іх было добра, каб яны выйшлі з галадоўкі. Калі вы перадасьце мае пажаданьні, я буду вам вельмі ўдзячны”.

(Уладзімер Шчолак: ) “Васіль Уладзімеравіч Быкаў – гэта сумленьне беларускай нацыі, неўміручы беларус для Беларусі, Леў Мікалаевіч Талстой са сваім аўтабіяграфічным творам “Даўняя дарога дадому”.

(Жэрдзеў, Гомель: ) “Васіль Быкаў напісаў шмат добрых твораў, увесь сьвет пра гэта ведае. Але ж галоўная спадчына Быкава – гэта яго грамадзянская пазыцыя. Ён ня быў здраднікам ні ў час вайны, ні пасьля вайны, не прадаў сваю душу ні малому д’яблу, ні вялікаму. І пра Хатынь напісаў ён першы. Ён не дзяліў мір на сваіх і чужых, тым больш сваю радзіму. А то глядзіце на цяперашніх пісьменьнікаў, прыхільнікаў цяперашняй улады, яны ж усё робяць, каб раскалоць нашае грамадзтва, каб зрабіць нашу дзяржаву няздольнай да адраджэньня. Якая іх пазыцыя? Пазыцыя халуёў і рабоў. Быкаў на такое ня толькі не пагадзіўся б, а пры яго жыцьці ўвогуле такога не магло быць”.

(Мікалай: ) “Уражаны мужнасьцю віцебскіх жанчынаў, адна зь якіх змагла ўзьвесьці на асьвятляльны слуп і ўмацаваць наш нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, а другая змагла ўратаваць гэты сьцяг ад ахоўнікаў рэжыму. Слава ім, хвала і падзяка! Гэтыя жанчыны – гонар нашай нацыі! Яны зьдзейсьнілі найлепшы падарунак Васілю Быкаву ў дзень яго нараджэньня. Калі мы маем такіх мужных жанчынаў-патрыётак, значыць, жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG