Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швайцарыі арыштавалі банкаўскія рахункі беларускіх карупцыянэраў


Радыё Свабода Швайцарскія праваахоўныя структуры арыштавалі некалькі банкаўскіх рахункаў у Цюрыху і Жэнэве, якія, праўдападобна, належаць кіраўніцтву наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу “Нафтан”. Як перадаюць швайцарскія СМІ, у адпаведнасьці з прынятым у Лязане рашэньнем аказаць юрыдычную дапамогу Беларусі, сканфіскаваныя сродкі й банкаўскія дакумэнты перададуць Менску. Адначасна фэдэральны суд у Лязане адхіліў настойлівыя рэкамэндацыі бэрнскіх палітыкаў не супрацоўнічаць з урадам краіны, дзе брутальна парушаюцца правы чалавека.

“Прынцыповае рашэньне, такім чынам, уступіла ў канфлікт з прынцыповымі інтарэсамі”, — рэзюмуюць сытуацыю швайцарскія аглядальнікі. У паведамленьнях, якія трапілі ў швайцарскія СМІ з фэдэральнага суду ў Лязане, прозьвішчы беларускіх фігурантаў справы ды памеры іхных незаконных гешэфтаў не падаюцца.

Тым часам беларускія назіральнікі называюць імя Канстанціна Часнавіцкага, які 12 гадоў быў дырэктарам наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу “Нафтан”. Вядома, што крымінальную справу на яго і некаторых ягоных падначаленых завялі два гады таму. Летась у сакавіку, выступаючы на нарадзе ў прамысловай палітыцы, прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў кіраўніка “Нафтану” ў злоўжываньні службовым становішчам і выкраданьні дзяржаўных сродкаў. Потым у беларускіх мэдыях зьявілася інфармацыя, што Часнавіцкага некаторы час трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ — так званай “амэрыканцы”, аднак пры канцы мінулага году зьмянілі меру стрыманьня і да вынясеньня прысуду перавялі пад хатні арышт.

Беларускі бок выклаў органам швайцарскай юстыцыі некаторыя абставіны раскраданьня сродкаў дзяржаўнага нафтаперапрацоўчага заводу. Незаконныя гешэфты ажыцьцяўляліся з 2002 да 2004 году з дапамогай фіктыўных аўкцыёнаў. Праўдападобна, што кіраўніцтва прадпрыемства прадавала ў сябе на радзіме нафтапрадукты ніжэй за іхны кошт. Затым удзельнікі гешэфту прапаноўвалі гэтыя набытыя імі нафтапрадукты замежным канцэрнам — аднак нашмат даражэй. Прыбыткі разьмяркоўваліся сярод удзельнікаў і асядалі на швайцарскіх рахунках.

Як перадаюць інфармацыйныя каналы швайцарскага тэлебачаньня SF, рашэньне выдаць Менску банкаўскую інфармацыю аспрэчвалася ў жэнэўскай палаце абвінавачаньня. Аднак фэдэральны суд усё ж палічыў гэты акт правамоцным. Паводле швайцарскай юстыцыі, адмова Беларусі ў юрыдычнай дапамозе ў справе расьсьледаваньня адмываньня грошай магчымая, калі размова ідзе пра рэальную пагрозу асноўным правам падазраванага.

Тым часам прадстаўнікі Швайцарскага нацыянальнага парлямэнту заявілі пра падрыхтоўку чарговага запыту адносна абмежаваньня юрыдычнай дапамогі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG