Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да магілы Васіля Быкава ідуць людзі


Радыё Свабода 19 чэрвеня Васілю Быкаву споўнілася б 82. Памятныя імпрэзы ў гонар народнага пісьменьніка адбыліся на Віцебшчыне, а таксама пройдуць у Менску. Цягам дня на Ўсходнія могілкі сталіцы ішлі многія менчукі, каб ускласьці кветкі й пастаяць каля магілы Васіля Быкава.

(Спадар: ) “Я заўсёды прыходжу на магілу Васіля Быкава, як да самага блізкага земляка. Рэч такая, што бацька маёй жонкі паходзіць з суседняй вёскі ад Васіля Быкава. Амаль што з адной — іх толькі невялічкае возера падзяляе. Гляджу вось на здымак і бачу, што яны нават зьнешне падобныя. Мой цесьць таксама гэткі ж задумлівы быў — пэўна, тая зямля нараджала такіх людзей. Таму мне ён вельмі блізкі і як чалавек, і як пісьменьнік. Такі пісьменьнік, як Быкаў, хіба толькі яшчэ Караткевіч — гэткая ж глыба”.

(Спадар: ) “Я вельмі добра ведаю погляды Васіля Быкава на жыцьцё й на ўсё тое, што ў нашай краіне цяпер адбываецца. Знаёмы практычна з усімі ягонымі творамі, і я яго абсалютна падтрымліваю. Для мяне гэты чалавек вельмі вялікі аўтарытэт. Ягоная грамадзянская пазыцыя, ягоная нязломнасьць й ягонае непрыстасаванства — гэта самае галоўнае”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы таксама прыйшлі адмыслова да магілы Васіля Быкава?”

(Спадар: ) “Так, я заўсёды, калі тут бываю, то заходжу да Васіля Быкава. Чытаю яго часта, у мяне амаль усе ягоныя творы ёсьць. Шкада вельмі чалавека, вельмі рана ён ад нас пайшоў. Ён нам патрэбны ўсім беларусам. Гэта наш чалавек, ён у нашай крыві”.

(Спадар: ) “Я ў свой час быў вельмі ўражаны пастаноўкамі паводле твораў Васіля Быкава. Але затым я захапіўся ягонымі творамі. Гэта мой любімы пісьменьнік”.

(Спадар: ) “Гэта наш беларускі родны пісьменьнік. “Альпійская баляда”, “Сотнікаў”, “Знак бяды”. І як кожны беларус, я падзяляю ягоныя погляды. Гэта чалавек, для якога няважна, у якія гады ён жыў, гэта чалавек з шэрагу ўсясьветных мысьляроў, пісьменьнікаў і паэтаў. Як Сэрвантэс, Кастэр, Рабле — вось такога маштабу гэты чалавек. Там, у заходніх краінах, стаяць помнікі героям літаратурных твораў. Дык няхай бы і ў нас паставілі помнікі героям твораў Васіля Быкава. Але пакуль што ёсьць вось толькі гэты камень, дык дзякаваць і за гэта. Гэта шчасьце, што такія людзі ў нас ёсьць”.

XS
SM
MD
LG