Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя гарадзенцы выбіраюць “уцёкі ў Англію”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Апошнімі гадамі некаторым маладым гарадзенцам удаецца рознымі шляхамі трапіць у Англію і застацца там. Так, у прыватнасьці, зрабіла група студэнтаў Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Цяпер яны нярэдка маюць ня самую чыстую працу, але затое добра зарабляюць.

Мне даводзілася раней чуць ад знаёмых пра іхных сяброў, якія апынуліся ў Англіі. Адзін праехаў пад Ля-Маншам з аўтатрэйлерам, другі ў аэрапорце, калі прызямліўся самалёт, папрасіў палітычнага прытулку. Студэнты Аграрнага ўнівэрсытэту штогод мелі практыку ў замежных фэрмэраў. Некаторыя прыяжджалі ненадоўга, каб узяць акадэмічны адпачынак — на выпадак, калі ня ўдасца застацца ў Англіі назусім. Дарэчы, сёлета гарадзенскім студэнтам забаранілі практыкавацца ў заходніх фэрмэрскіх гаспадарках.

Аказалася, што, так бы мовіць, “уцёкі ў Англію” — досыць распаўсюджаная сярод гарадзенскай моладзі зьява. У мяне адбылася цікавая размова са студэнтамі аддзяленьня сацыялёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту.

(Студэнт: ) “У мяне многа сяброў зьехалі ў Англію проста працаваць, кінулі ўнівэрсытэт і працуюць у Англіі”.

(Карэспандэнт: ) “Не шкадуюць, што кінулі навукі і што там знаходзяцца?”

(Студэнт: ) “Першым часам шкадавалі, бо працы не было. А цяпер кажуць: усё нармальна, усё ў нас ёсьць, грошы ёсьць, ад бацькоў не залежым, унівэрсытэт не патрэбны”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас таксама ёсьць там знаёмыя?”

(Студэнтка: ) “Так, яны таксама ў Англіі працуюць. Яны вучыліся на нашым факультэце і кінулі вучобу, і вось ужо прыблізна трэці год яны там жывуць і працуюць. Ім усё падабаецца, яны тэлефануюць дахаты, кажуць, што задаволеныя і не зьбіраюцца вяртацца, карацей, не шкадуюць. Яны ад’яжджалі, напэўна, нелегальна, гэта значыць, падрабілі нейкія дакумэнты”.

(Карэспандэнт: ) “А ў рэальнасьці яны, напэўна, працуюць дзе-небудзь на будоўлі?”

(Студэнтка: ) “Яны працуюць у фэрмэра, зьбіраюць трускалкі. Цяжкая праца, чорная, але яны атрымліваюць даволі добрыя грошы, якіх ім хапае яшчэ адкладаць, бацькам прысылаць і выдатна жыць”.

(Карэспандэнт: ) “А як вам іхні прыклад: яны вам не тэлефануюць, не расказваюць, не сустракаецеся вы? Не хацелі б, як яны? Яны вас не запрашаюць?”

(Другая студэнтка: ) “Але ж гэтая праца ў фэрмэра, яна ж не да пэнсіі, колькі ты будзеш гэтыя трускалкі зьбіраць? Такая пэрспэктыва — пяць гадоў зьбіраць трускаўкі — мне ня вельмі падабаецца”.

(Карэспандэнт: ) “А вашыя сябры кім працуюць?”

(Студэнт: ) “Таксама некаторыя на фэрме, а некаторыя працуюць афіцыянтамі, іншыя посуд мыюць. А адзін наш хлопец там вельмі добра ўзьбіўся, дык ён ужо нідзе не працуе, а проста жыве са сваёй дзяўчынай на яе грошы”.

(Карэспандэнт: ) “А ён таксама вучыўся ў Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы?”

(Студэнт: ) “Так, некаторыя зь іх нават вучыліся на чацьвертым курсе, большасьць на платным аддзяленьні, але ўсе кінулі навукі і не шкадуюць аб гэтым”.

Студэнты кажуць, што на розных спэцыяльнасьцях на платным аддзяленьні за год даводзіцца плаціць нават па 1100 – 1400 даляраў. Такая дарагая вучоба даецца бацькам студэнтаў зь цяжкасьцю. Некаторыя сябры студэнтаў марылі зарабіць у Англіі на вучобу, але раздумалі вяртацца. Дарэчы, мы размаўлялі ля ўнівэрсытэцкага будынку, дзе яшчэ год назад быў Інстытут сучасных ведаў, закрыты ўладамі. Дык вось там студэнты плацілі за навуку амаль удвая меней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG