Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага Інтэрнэту 14 чэрвеня


Юлія Шарова, Менск Cёньняшнія весткі зь беларускага сеціва. У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова

На форумах TUT.by абмяркоўваюць навіну “Апазыцыянэраў не бяруць у войска” форум тут 20-ці гадовага старшыню Наваполацкай філіі БНФ Аляксея Трубкіна не бяруць у войска, бо ён не прайшоў у ваенкамаце сумоўе наконт маральна-дзелавых якасьцяў. Камэнтары: “Карацей, новы спосаб адкасіць ад войска – быць нячэсным беларусам і размаўляць на сьвядомай мове”. “У мяне столькі цалкам здаровых знаёмых не ўзялі па палітычных матывах, баяліся, што забунтуюць частку зь цягам часу. Ну цяпер нашыя шэрагі папоўняцца. Далі яшчэ адну падставу людзям дзейнічаць”. “Прыйсьцi у ваенкамат усяму абвешанаму значкамi “За свабоду”, ды з павязанай на галаве бел-чырвона-белай стужкай. Я ўяўляю iхныя твары”.

У суполцы “Жывога журналу” minsk_by абмяркоўваюць праект тэлевежы – карцінка з адпаведнай выявай зьявілася на сайце архітэктурнай майстэрні Віктара Крамарэнкі (http://www.workshopkramarenko.hotbox.ru) Меркаваньні наведвальнікаў розныя: “Бедны, бедны горад Менск”. “Пад сьцяг Ватыкану. Прыемна”. (Чырвоны, белы і жоўты – гэта каляровая гама вежы.) Карыстальнік l_u_f_t прапануе свой варыянт праекту тэлевежы – каб усе будоўлі веку былі выкананыя ў адзіным ключы. У вэрсіі l_u_f_t’a, на вяршыні вежы павінна быць гэткая зьменшаная копія Нацыянальнай бібліятэкі, на самым жа версе будзе лунаць чырвона-зялёны сьцяг.

А вядомы псыхоляг Вольга Андрэева ў сваім ЖЖ http://olga-andreeva.livejournal.com тлумачыць, чаму дарослыя часам дэманструюць неканструктыўныя паводзіны і чаго гэткім чынам дамагаюцца. Напрыклад, чалавек можа гэтак імкнуцца да ўлады і кантролю над сытуацыяй – так бывае зь дзецьмі й дарослымі. “Калі бацькі й настаўнікі павядуцца па правакацыі дзяцей, яны папросту растрацяць свае сілы. Перамагчы дзіця немажліва, бо яно не абмежаванае ў сваіх мэтадах барацьбы ніякім пачуцьцём адказнасьці ды ніякімі маральнымі абавязаньнямі”, – цьвердзіць псыхоляг.

“Навошта бамжу бюстгальтэр?” – нататку пад такім інтрыгоўным загалоўкам можна знайсьці на сайце Меннарвыканкаму “Краму “Тавары для моладзі” на вуліцы Максіма Танка абрабаваў бомж. Сярод скрадзенага – крэмы, шампуні, бальзамы для валасоў, а таксама губная памада і два бюстгальтэры на агульную суму 200 тысячаў рублёў… Камэнтуючы гэтую сытуацыю, старэйшы опэрупаўнаважаны Цэнтральнага РУУСу Менску Юры Мяцельскі адзначыў, што грамадзяне бяз пэўнага месца жыхарства нярэдка трапляюць у поле зроку міліцыі. Звычайна яны зьдзяйсьняюць крадзяжы ў харчовых крамах. Навошта бамжу спатрэбілася касмэтыка й жаночая бялізна – гэта будзе высьвятляць міліцыя”.

Партал www.studenty.by паведамляе сёньня дзьве навіны: адну добрую й другую вельмі добрую. Добрая навіна: “Адборышча” – адборачны тур фэсту маладой беларускай рок-музыкі “Басовішча” – адбудзецца 23-24 чэрвеня ў менскім Палацы мастацтваў. Вельмі добрая навіна: паколькі “Адборышча” будзе доўжыцца ажно два дні, сьпіс камандаў-удзельніцаў пашырылі, цяпер іх не 16, а 20. Да “Адборышча” далучаецца магілёўскі гурт “Авангардшкола”. Слухаем іхную песьню “Бабка й семкі”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG