Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылося цэнтралізаванае тэставаньне абітурыентаў па гісторыі Беларусі


Радыё Свабода 15 чэрвеня ў вышэйшых навучальных установах краіны прайшло цэнтралізаванае тэставаньне па гісторыі Беларусі.

Усе абітурыенты, якія паступаюць на гуманітарныя факультэты, сёньня здавалі пісьмовыя тэсты па гісторыі Беларусі. Цяпер ужо ня ў школах, а ў ВНУ. Было распрацавана 10 варыянтаў заданьняў, пра якія загадзя ніхто ня ведаў. У частцы “А” — 40 пытаньняў: трэба выбраць правільны адказ з трох прапанаваных варыянтаў. У другой частцы (“Б”) — 10 пытаньняў: трэба напісаць кароткі адказ. На выкананьне тэсту далі дзьве акадэмічныя гадзіны.

Што тычыцца даволі спрэчных пытаньняў і найноўшай гісторыі, то такія моманты трапляліся, сьцьвярджаюць абітурыенты. Што да ідэалягічнай скіраванасьці...

(Дзяўчына: ) “Наагул, сама гісторыя Беларусі — гэта ўжо ідэалягічны прадмет. Таму пра гэта меркаваць вельмі цяжка. У асноўным, пытаньні былі факталягічныя”.

(Карэспандэнтка: ) “Што тычыцца такіх спрэчных пэрыядаў — Беларуская Народная Рэспубліка, цяперашняе прэзыдэнцкае кіраваньне?”

(Дзяўчына: ) “У маім варыянце такіх пытаньняў не было”.

(Юнак: ) “Пытаньне аб утварэньні БНР”.

(Дзяўчына: ) “Парлямэнт складаецца з Палаты прадстаўнікоў і...” — трэба было адказаць, з чаго. І Савету Рэспублікі. Адказала. Пытаньне было — вызначыць пасьлядоўнасьць, калі прыйшоў да ўлады сучасны прэзыдэнт. Яшчэ былі варыянты, якія трэба было выбраць”.

(Юнак: ) “Было, напрыклад, пытаньне: заканадаўчы орган Рэспублікі Беларусь”.

(Юнак: ) “Што тычыцца найноўшага часу, то было “Станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці пасьля 1990 году”. Толькі асноўныя даты”.

(Юнак: ) “У маім варыянце было пытаньне пра абвяшчэньне БССР. Наколькі я памятаю, было два абвяшчэньні, — і тое, як іх паставіць у храналягічнай пасьлядоўнасьці, і выклікала цяжкасьці”.

Адносна зьместу тэсту выпускнікі гістарычнай клясы ліцэю БДУ выказалі шмат заўвагаў на адрас складальнікаў:

(Юнак: ) “Тэст ня цяжкі, але людзі, якія складаюць гэтыя тэксты, маглі б больш уважліва падысьці да гэтай працы. Відаць, што некаторыя заданьні зробленыя абыякава. Два-тры спрэчныя варыянты ёсьць, і выбраць адзін з трох вельмі цяжка. Напрыклад, у падручніках шостай і восьмай клясы зьявы называюцца па-рознаму. І ўсё залежыць ад таго, які падручнік чытаў абітурыент. Па-другое, пытаньні, якія вырваныя з кантэксту. Напрыклад, у маім варыянце былі чатыры цытаты, якія трэба было расставіць у храналягічным парадку. Ні ў якім разе веданьне адных цытатаў не зьяўляецца паказчыкам веданьня такога прадмету, як гісторыя Беларусі”.

Самі абітурыенты кажуць, што іспыт, кантакт з экзамэнатарам пры здачы той жа гісторыі больш аб’ектыўна дазваляюць ацаніць веды, чым тэставаньне. Бо пры здачы тэсту трэба проста вызубрыць, што напісана ў падручніках.

(Юнак: ) “Калі ты ведаеш гісторыю, трэба нешта разважаць, супастаўляць. А вось так суха адказваць на пытаньні — гэта можна назваць ня вельмі добрым словам — халява для троечнікаў”.

(Юнак: ) “Неабавязкова, да прыкладу, ведаць, колькі было харугваў пад Грунвальдам, калі ў цябе стаіць пытаньне “Замежная палітыка ВКЛ”. Калі ты добра арыентуесься ў гэтым пытаньні, то настаўнік можа не залічыць, што ты ня ведаеш, што іх было 90. Іспыт жа паказвае, што чалавек ведае гісторыю Беларусі, ён яе асэнсоўвае. А цяпер усё ідзе ў такім кірунку, што чалавек павінен ведаць толькі падручнік”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG