Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваіх дазорцаў менскіх могілак падазраюць у хабарніцтве


Любоў Лунёва, Менск У Менску затрыманыя двое дазорцаў сталічных Паўночных могілак. Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску завяла крымінальную справу. Дазорца на прозьвішча Кісялёў і ягоная калега падазраюцца ў хабарніцтве. Сьледчыя інкрымінуюць ім атрыманьне тысячы даляраў ад сваякоў памерлага як платы за тое, каб нябожчык быў пахаваны ў лепшым месцы на Паўночных могілках. Сёлета гэта другі выпадак, калі затрымліваюць службовых асобаў, у абавязкі якіх уваходзіць кантроль за тым, каб пахаваньні адбываліся ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Затрыманыя дазорцы Паўночных могілак знаходзяцца ў менскім сьледчым ізалятары. Сьледчы пракуратуры Цэнтральнага раёну Аляксандар Нікалаеў паведаміў “Свабодзе”, што дазорцаў, мужчыну і жанчыну, затрымалі ў момант, калі ім перадавалі хабар. У функцыянальныя абавязкі дазорцаў могілак уваходзіць праверка працы вартаўнікоў, а таксама праверка дакумэнтацыі, каб пахаваньні адбываліся ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Гаворыць сьледчы Аляксандар Нікалаеў:

(Нікалаеў: ) “На пачатку гэтага году сьледчы Лугін расьсьледаваў крымінальную справу супраць дазорцы Кальварыйскіх могілак. На закрытых могілках бяруць грошы за пахаваньні, дзе рабіць гэтага нельга. На Паўночных могілках цяпер толькі можна пахаваць у тую самую магілу. Таму, калі нехта хоча мець там участак, то ім менавіта такія людзі і дапамагаюць”.

На менскіх могілках можна пахаваць памерлага толькі ў тым выпадку, калі там ужо ёсьць магіла каго-небудзь зь ягоных бацькоў або дзяцей. Магіла бабулі ці дзеда не дае такога права. На Ўсходніх могілках, якія яшчэ называюць Маскоўскімі, ёсьць месца для пахаваньняў, але гэта тыя ўчасткі, якія менчукі набылі яшчэ тры гады таму.

Пахаваньні на менскіх могілках могуць быць яшчэ з дазволу Менгарвыканкаму. Згодна з такім распараджэньнем хавалі ахвяраў трагедыі на Нямізе. Яшчэ ёсьць квота для вядомых дзеячоў культуры, навукі і членаў ураду. Менчукам застаецца хаваць сваіх памерлых сваякоў у Калодзішчах ці ў Міханавічах.

Але апошнім часам усё часьцей нябожчыкаў паддаюць крэмацыі, а потым урны ўстанаўляюць у калюмбарыях, якія цяпер ёсьць на менскіх могілках.

Апошні выпадак з арыштам дазорцаў абмяркоўваўся на нарадзе супрацоўнікаў спэцкамбінату. Што будзе з магілай нябожчыка, якога пахавалі без адпаведнага дазволу? На гэтае пытаньне я папрасіла адказаць дырэктара Кальварыйскіх могілак Аляксандра Кісялёва.

(Кісялёў: ) “Я вельмі мала тут працую. Думаю, што наша кіраўніцтва камбінату не зьмірылася б з гэтым і зрабіла б нейкія пэўныя захады”.

(Карэспандэнтка: ) “Перапахавалі б?”

(Кісялёў: ) “Магчыма, так. Эксгумацыю зрабілі б...”

У суседняй Расеі цэны ўчасткаў на могілках, дзе пахаваныя вядомыя людзі, значна перавышаюць тысячу даляраў. Сярод так званых “новых рускіх” стала модным дарыць сваім жонкам ня толькі дамы на курортах Гішпаніі ці Францыі, але й месцы на прэстыжных могілках. Апошнія арышты сьведчаць аб тым, што ў Менску месца на гарадзкіх могілках пакуль каштуе ня больш за дзьве тысячы даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG