Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты — наконт пэрспэктывы папрацаваць за мяжой


Радыё Свабода, Горадня Паводле паведамленьня БелаПАН, 57% моладзі хацелі б пры нагодзе папрацаваць у адной з краінаў Эўразьвязу. Дзе б вы хацелі ўладкавацца пасьля заканчэньня вучобы — у Беларусі ці за мяжой? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенскія студэнты.

(Дзяўчына: ) “Мабыць, у Беларусі, калі будуць для гэтага спрыяльныя ўмовы — кватэра, заробак. А за мяжу — не, ня хочацца”,

(Сяброўка: ) “Я б таксама працавала б у Беларусі. За мяжой мяне палохае пагроза для жыцьця, як паглядзіш — там усё забіваюць”.

(Дзяўчына: ) “А я ня супраць за мяжой папрацаваць, але ня ведаю, як атрымаецца. У Расеі — наўрад ці, а вось Польшча для гэтага вельмі добрае месца”.

(Сяброўка: ) “А я, напэўна, у Беларусі застануся працаваць. Камусьці трэба працаваць і на вёсцы. Я лічу, што трэба адрабляць за тое, што нас дзяржава вучыць”.

(Маладзён: ) “А мяне ў вёску не пашлюць, у мяне ўжо ёсьць месца працы: нармалёвая работа, нармалёва плацяць”.

(Маладзён: ) “Розныя могуць быць варыянты наконт працы за мяжой, але я пакуль буду працаваць тут, заканчваю ўнівэрсытэт і па разьмеркаваньні паеду працаваць”.

(Маладзён: ) “Не, мне хацелася б у Беларусі працаваць, я, можна сказаць, патрыёт. Каб зарабіць, можна было б папрацаваць недзе гады тры, але заставацца працаваць за мяжою я, напэўна б, ня змог. Рэч у людзях, мне падабаюцца нашыя людзі. Я тут сябе адчуваю чалавекам, а там я так нікім й не змагу стаць. А тут я змагу стаць хоць кімсьці”.

(Дзьве дзяўчыны: ) “Не, працаваць мы зьбіраемся ў Беларусі”.

(Хлопец: ) “У Беларусі, нават не — у Расеі. У мяне ёсьць пэрспэктыва ўладкавацца там інжынэрам, і плаціць, думаю, мне будуць шмат”.

(Дзяўчына: ) “Я буду ў Беларусі працаваць, як-небудзь уладкуюся”.

(Сяброўка: ) “Я таксама. А што датычыць таго, калі пашлюць на вёску, дык вёска — таксама частка нашай дзяржавы, камусьці й там трэба працаваць”.

(Дзяўчына: ) “Напэўна, у Беларусі, але дзе-небудзь у горадзе, у вёску не хачу. Я чула, што настаўнікам плацяць за стаўку 120 ці 140 тысяч, але гэта напачатку, потым будзе болей. Увогуле я хачу застацца працаваць у Горадні. А за мяжу паехаць лепей, каб адпачыць, а не працаваць, я так думаю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG