Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску прастойваюць два з чатырох руднікоў


Радыё Свабода, Салігорск З чатырох прыпыненых руднікоў найбуйнейшага вытворцы калійных угнаеньняў аб’яднаньня “Беларуськалій” аднавілі працу два. Лёс яшчэ двух будзе залежаць ад таго, як хутка беларускі бок вырашыць пытаньні ў дачыненьнях з Кітаем — асноўным пакупніком соляў. У Салігорску бракуе складоў для захоўваньня прадукцыі, і ўгнаеньні адгружаюць проста ў вагоны. Паводле прадстаўнікоў “Белкалію”, цягам апошняга месяца працавала толькі адна капальня — таму моцна паменшалі заробкі ня толькі 20 тысяч працаўнікоў, але і ўсіх салігорцаў, якія цалкам залежаць ад працы аб’яднаньня.

Праблемы са збытам калійных угнаеньняў у “Беларуськалію” пачаліся яшчэ ў красавіку, калі ўзьніклі цэнавыя рознагалосьсі з асноўным спажыўцом калійных угнаеньняў — Кітаем. Кітайскія пастаўшчыкі абвінавацілі Беларусь у неабгрунтаваным падвышэньні коштаў на мінэральныя ўгнаненьні ў параўнаньні зь мінулым годам — ад 200 да 245 даляраў за тону.

На экспарт у Кітай летась пайшло больш за 2 мільёны тонаў ад выстаўленых на продаж 7 мільёнаў. Новы кантракт з КНР мусіць быць падпісаны ад імя Беларускай калійнай кампаніі, але ў выніку рознагалосьсяў аб’ём экспарту ўжо зьнізіўся на 25% у параўнаньні зь леташнім. Аднак прадстаўнік “Беларуськалію” Дзяніс Таўпека кажа, што станоўчыя зрухі ўсё ж ёсьць.

(Таўпека: ) “Учора ўжо першы руднік запрацаваў, сёньня, здаецца, запускаецца трэці, а заўтра, напэўна, і другі. Пакуль пра чацьверты толькі нічога не чуваць”.

(Карэспандэнт: ) “А прадукцыя ўвогуле адгружаецца?”

(Таўпека: ) “Чуткі зьявіліся, што з кітайцамі нібыта ўжо дамовіліся і ўчора нейкае пагадненьне з кітайскімі банкамі было падпісанае. Але ў нас гэта ходзіць пакуль што на ўзроўні чутак. Колькі дзён таму прыяжджалі зь Беларускай калійнай кампаніі, паглядзелі, што ў нас склады заваленыя прадукцыяй, і ў суботу пастанавілі цалкам спыніць працу на “Белкаліі”. Але ўжо ўчора пачаў працаваць першы руднік”.

У 2005 годзе “Беларуськалій” зарабіў 1 мільярд даляраў і стаў асноўным валютным донарам краіны. Камэрцыйныя посьпехі наўпрост адбіліся на пэрсанале: заробкі на прадпрыемстве перавысілі ў эквіваленце 500 даляраў, а ў асобных катэгорыяў сягнулі й за тысячу.

Адзін з заснавальнікаў “Свабоднага прафсаюзу” Генадзь Быкаў лічыць: каб не патрэба дзяліцца зь іншымі стратнымі бюджэтнымі прадпрыемствамі, заробкі салігорцаў маглі б перавысіць прыбыткі асобных камэрсантаў. Спадар Быкаў кажа, што вымушаны прастой заводу і зьніжэньне ў зьвязку з гэтым зарплаты наўрад ці можа выклікаць хваляваньні рабочых. Кантрактная сыстэма пабудаваная такім чынам, што незадавальненьне будзе мець толькі адзін вынік — звальненьне. І прафсаюзы дапамагчы тут наўрад ці змогуць.

(Быкаў: ) “З-за таго, што кантрактная сыстэма, няхай ты там супэрпрацаўнік і безь цябе будзе цяжка, але палітычны складнік стаіць на першым месцы. Як толькі будзе загад, цябе адразу ж — за браму. І самі людзі, я гэта бачу па “Свабодным прафсаюзе”, па сваім родным Менскім заводзе аўтаматычных лініяў, калі іх папужалі, як пацукі, з нашай арганізацыі пачалі разьбягацца. Бо іх настрашылі. І пакуль яны ня страцілі асабліва заробку, нікога яшчэ ня звольнілі, то і будуць трымацца за свае месцы”.

На долю “Беларуськалію” прыпадае каля 16% усясьветнага экспарту калійных угнаеньняў.

Прадукцыя прадпрыемства пастаўляецца ў 60 краінаў сьвету; асноўныя спажыўцы — Кітай, Бразылія, Індыя, Пакістан, ЗША. Летась “Беларуськалій” упершыню у сваёй гісторыі на продажы мінэральных угнаеньняў зарабіў больш за 1 мільярд даляраў. Але, як пагаджаюцца экспэрты, з улікам коштавых супярэчнасьцяў паўтарыць леташні паказьнік ужо ня ўдасца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG