Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанца Мікалая Разумава судзяць за паклёп на прэзыдэнта


Радыё Свабода У Аршанскім гарадзкім судзе распачаўся разгляд крымінальнае справы супраць вядомага на ўсю Беларусь колішняга лідэра рабочага руху. На пачатку 1990-х гадоў пад кіраўніцтвам Мікалая Разумава працаўнікі аршанскіх прадпрыемстваў выйшлі на рэйкі, патрабуючы глябальных рэформаў у дзяржаве.

Цягам апошніх год ён быў адышоў ад апазыцыйнае дзейнасьці, але сёлета трапіў пад увагу пракуратуры пасьля выступу на сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам, што праходзіла ў Воршы 24-га лютага.

Мікалай Разумаў публічна выказаў меркаваньне, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да забойства Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара.

Аршанская пракуратура завяла супраць яго крымінальную справу за паклёп на прэзыдэнта, і з 14-га сакавіка спадар Разумаў быў узяты пад варту: напачатку яго зьмясьцілі ў аршанскі ізалятар часовага ўтрыманьня, потым пад канвоем даставілі ў Віцебск, адкуль неўзабаве скіравалі на экспэртызу ў менскую клініку “Навінкі”, якая мусіла ацаніць псыхічны стан затрыманага. Дактары ўстанавілі, што ён дзейнічаў у сьвядомым стане, і ягоная справа была перададзеная ў Аршанскі гарадзкі суд.

На самым пачатку судовага працэсу Мікалай Разумаў заявіў пра тое, што не давярае судзьдзю і прадстаўніку пракуратуры разгляд свае справы. На ягоную думку, яны абодва ёсьць прадстаўнікамі зацікаўленага боку, бо прызначаныя на свае пасады Аляксандрам Лукашэнкам, якога ён нібыта абразіў сваімі выказваньнямі.

Аднак судзьдзя Тацяна Рыбакова палічыла хадайніцтва падсуднага беспадстаўным, і склад суду застаўся бяз зьменаў.

На гэтае судовае пасяджэньне сёньня прыйшлі некалькі дзесяткаў аршанцаў, якіх цікавіць далейшы лёс Мікалая Разумава.

Да таго ж сёньня Аршанскі гарадзкі суд мае разгледзець яшчэ адну справу зь ягоным удзелам: аддзел адукацыі гарвыканкаму хадайнічае пра пазбаўленьне Мікалая Разумава і ягонай жонкі Ірыны бацькоўскіх правоў, бо лічыць, што яны не спраўляюцца з выхаваньнем сваіх траіх дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG