Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад паляваньня ў Беларусі адлучаюць шараговых аматараў


Вячаслаў Кулік, Менск Зь сёньняшняга дня ў Беларусь пачынаюць наведвацца аматары трафэйнага паляваньня з Масквы, Санкт-Пецярбургу ды іншых гарадоў блізкага замежжа. У лясох Беларусі аб’яўлены новы сэзон паляваньня на казуляў і дзікоў. Тым часам спэцыялісты даводзяць, што сёлета Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў мае найбольшае зьмяншэньне ў сваіх шэрагах.

У маскоўскім офісе кампаніі “РыбОхотСоюз” трафэйнае паляваньне ў Беларусі называюць захапляльным. Са словаў мэнэджара Алега Цітова, усяго 7 – 8 гадзінаў язды па добрай дарозе – і можна расчахляць стрэльбы.

(Цітоў: ) “Вялікая колькасьць зьвяроў у Беларусі, шчыльнасьць высокая. Тут раней адкрываецца паляваньне і каштуе прыкладна 60 эўра за суткі”.

На хвалі папулярнасьці паляваньня ў Беларусі цяпер разгараецца канфлікт у Слуцку. Паводле старшыні раённага таварыства паляўнічых Генадзя Пенязя, гэтую грамадзкую арганізацыю ўлады вымушаюць аддаць тамтэйшыя ўгодзьдзі прыватнікам.

(Пенязь: ) “Я ня даў згоды, дык аблвыканкам закрыў паляваньне на качак пад выглядам таго, што тут адбываліся буры. Пасьля закрылі паляваньне на капытных. Але ж людзі складкі плацяць. Пачалі многія сыходзіць. Хаця й кажуць, што заробкі ў вёсцы вялікія, але гэта толькі на паперы”.

У Менскай абласной арганізацыі паляўнічых пацьвярджаюць інфармацыю, што тэндэнцыя на зьмяншэньне колькаснага складу таварыства мае ўстойлівы характар.

(Кучко: ) “Грашовыя паборы з паляўнічых стала павялічваюцца. Рэгістрацыя – пяць базавых велічыняў, перарэгістрацыя – дзьве, дадатковы збор – палавіна базавай. Плюс яшчэ інспэкцыя жорстка ставіцца да людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Маеце на ўвазе інспэкцыю па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнту?”

(Кучко: ) “Так. Людзі выйшлі адпачываць, а іх трасуць, як злодзеяў”.

Адхіленьне шараговых аматараў ад паляваньня ў мясцовых лясох нясе адмоўныя наступствы, лічыць эколяг Валеры Дранчук.

(Дранчук: ) “Назіраецца камэрцыялізацыя з боку бюракратыі: прадаць ліцэнзію і ўзяць грошы. Няма палітыкі зваротнай сувязі, каб паляўнічыя працавалі на прыроду – маглі б заступацца за крыніцу, за забалочваньне, за паплавы. Гэта ж ніва іхнага ўлюбёнага занятку. Няма сёньня цікавасьці адшукаць паляўнічых сярод простых мясцовых людзей. Арыентацыя – на міжнародны турызм, каб тураў было больш. Каб у сваю казну пакласьці як мага больш даляраў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG