Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнта судзілі за бел-чырвона-белы сьцяг на матчы Беларусь-Расея


Радыё Свабода Cёньня суд Цэнтральнага раёну Гомелю вынес папярэджаньне студэнту першага курсу Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны Зьмітру Жалезьнічэнку. Навучэнцу інкрымінуецца выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі падчас таварыскай сустрэчы паміж моладзевымі зборнымі Беларусі й Расеі. Юнак абвінавачаны ў тым, што падтрымліваў беларускую каманду бел-чырвона-белым сьцягам.

16 траўня ў Гомелі адбыўся таварыскі матч паміж моладзевымі зборнымі Беларусі й Расеі. На сустрэчы прысутнічалі ганаровыя госьці — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Генадзь Нявыглас (ён жа старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу) і старшыня Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Якабсон. Як часта бывае ў такіх выпадках, каманды разышліся мірам — 0:0.

Аднак для аднаго з заўзятараў гэтая фармальная спартовая сустрэча мела наступствы. Студэнт першага курсу факультэту прыкладной матэматыкі Зьміцер Жалезьнічэнка, які зь бел-чырвона-белым сьцягам прыйшоў падтрымаць беларускіх гульцоў, здолеў паглядзець толькі першы тайм. Калі ў перапынку юнак, накінуўшы на плечы сьцяг, выйшаў за трыбуны, яго адразу ж затрымалі амапаўцы.

У той жа дзень на Жалезьнічэнку склалі пратакол паводле артыкулу 167 (частка 2) Адміністрацыйнага кодэксу “Незаконнае выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі”. Далей Жалезьнічэнкам займаўся участковы інспэктар Алег Шукель, які стаў частым госьцем унівэрстытэту, дзе вучыцца студэнт.

Сёньня Зьміцер Жалезьнічэнка быў выкліканы ў суд Цэнтральнага раёну Гомелю, дзе судзьдзя Марына Дамненка вырашала ступень вінаватасьці студэнта. Насуперак найгоршым чаканьням Зьмітра, быў абвешчаны даволі мяккі прысуд — папярэджаньне, якое, зрэшты, можа мець сур’ёзныя наступствы, калі паўторыцца нешта падобнае.

(Жалезьнічэнка: ) “Так, я чакаў большага і рыхтаваўся да горшага. Так што, у пэўным сэнсе, пашэнціла”.

(Карэспандэнт: ) “Магчыма, у Гомелі пакуль няма асаблівых выпадкаў з выкарыстаньнем гістарычнай сымболікі?”

(Жалезьнічэнка: ) “Насамрэч, гэта так. Колькі тут жыву, колькі сачу за сытуацыяй, не заўважаю нічога такога, каб адбываліся нейкія актыўныя грамадзкія працэсы. Таму, можа быць, і гэта адыграла пэўную ролю”.

(Карэспандэнт: ) “Тады на футболе зь бел-чырвона-белым сьцягам вы былі адзін на стадыёне?”

(Жалезьнічэнка: ) “Былі яшчэ хлапцы з “Зубра”, але яны прыйшлі асобна, і я толькі пазьней даведаўся, што яны таксама там былі. Заўважыў іх, бачыў, аднак асабіста я прыйшоў на матч адзін”.

Досьвед паказвае, што падтрымліваць беларускіх спартоўцаў нацыянальнай сымболікай без наступстваў можна толькі за межамі Беларусі. У часе нядаўняга хакейнага чэмпіянату сьвету ў Латвіі колькасьць афіцыйных і бел-чырвона-белых сьцягоў на трыбунах была прыкладна аднолькавая. Некалькі гадоў таму такую ж карціну можна было ўбачыць на аналягічным першынстве ў Фінляндыі.

У паўфінале Кубку Дэвіса ў ЗША, калі сустракаліся тэнісісты Злучаных Штатаў і Беларусі, трыбуны былі расквечаныя выключна нацыянальнай сымболікай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG