Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбудзецца прэзэнтацыя кніжнай сэрыі “Biblioteka białoruska”


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя новай кніжнай сэрыі “Biblioteka białoruska” – яе сёлета запачаткавалі некалькі польскіх інстытуцыяў. У гэтай сэрыі ва Ўроцлаве ўжо выдадзеныя тры кнігі беларускіх пісьменьнікаў. Такой цікавасьці палякаў да беларускае літаратуры, як цяпер, раней не назіралася ніколі, адзначыў напярэдадні прэзэнтацыі ў інтэрвію нашай карэспандэнтцы рэдактар новае сэрыі зь беларускага боку Лявон Баршчэўскі.

Што і хто ў беларускай літаратуры цікавіць польскіх перакладчыкаў і чытачоў? Гаворыць рэдактар новай кніжнай сэрыі “Biblioteka białoruska” Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Першая кніжка – Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава “Калі рукаюцца душы” ў перакладзе Чэслава Сэнюха. Другая – дзьвюхмоўная кніжка вершаў Андрэя Хадановіча, якога на польскую перакладалі вельмі вядомыя ў Польшчы перакладчыкі Адам Паморскі і Лешак Энгелькінг, а таксама вядомы беларускі інтэлектуал Ян Максімюк. І трэцяя, якая літаральна днямі зьявілася на паліцах кнігарняў Уроцлава, – гэта кніжка Ўладзімера Арлова “Каханак яе вялікасьці”.

Усе гэтыя кнігі выдадзеныя ў шыкоўным афармленьні і маюць вельмі прэзэнтацыйны выгляд, што, на думку спадара Баршчэўскага, цяпер вельмі важна як для папулярызацыі беларускае літаратуры за мяжой, так і для айчынных калекцыянэраў такіх рарытэтаў. Да канца году польскую сэрыю “Bibliotekі...” папоўняць тамы Алеся Разанава, Валянціна Акудовіча, анталёгіі маладой паэзіі і сучаснае публіцыстыкі.

Але сёньня будзе прэзэнтаваны і том знанага польскага паэта Канстантага Ільдэфанса Гальчыньскага “Сёмае неба”. Кніга Галчыньскага па-беларускага мела выйсьці яшчэ летась да стагодзьдзя гэтага ўнікальнага польскага творцы. Зрэшты, паэтычным гурманам даты біяграфіі аўтара не перашкодзяць атрымаць насалоду, пагатоў магчымасьць такая надараецца ўпершыню. Гаворыць складальнік тому Галчыньскага Андрэй Хадановіч:

(Хадановіч: ) “Такой паэзіі ў сьвеце даўно не бывае. Яна наскрозь імправізацыйная, асацыюецца з стыхіяй музыкі, з сальта-мартале экстрэмальных артыстаў, і гэтыя фантастычныя мэтафарычныя скачкі Галчыньскаму цудоўна ўдаваліся”.

Убачыць і пачуць плён новых беларуска-польскіх літаратурных дачыненьняў можна на сёньняшняй вечарыне, якая адбудзецца а 18-й гадзіне ў актавай залі філфаку Белдзяржунівэрсытэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG