Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вось як пазбавіцца рускай мовы? Будзе беларуская мова, будзе лягчэй усім...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за панядзелак, 12 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

12 чэрвеня, панядзелак

(Спадар: ) “Выпадкова пачуў вашае радыё па інтэрнэце. Я жыву ў Амэрыцы. Мне вось цікава, можа, вы мяне на працу ўзялі б? Колькі вы атрымоўваеце? Пазваніце мне, у вас, мусіць, на аўтаадказьніку застаўся мой хатні тэлефон у Нью-Ёрку”.

(Валер Шаўчэнка, Наваполацак: ) “Паважаная “Свабода”! Мяне вельмі ўразіў і пацешыў палітычны пінг-понг па-беларуску, прычым як сам адказ уладаў на санкцыі з боку Захаду, так і іх неадэкватнасьць. Невядома, каму ў рэшце рэшт забаронены ўезд у нашу краіну. І гэта зроблена нездарма. Татальная таямніца стварае магчымасьць усіх, хто ўладзе не спадабаўся, падвесьці пад рысу “неўязнога”.

А наконт забароны амэрыканскім і канадзкім гелікоптэрам выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі, то “пралёт” на дзясяткі, а тое і тысячы даляраў атрымае толькі Беларусь. Здаецца, Моська мае моц, калі кідаецца Слану пад ногі”.

(Белькевіч, Салігорск: ) “Я хачу сказаць у абарону рускіх. Я жыву на пятым паверсе, а на чацьвёртым і другім жывуць рускія. Яны не акупанты, а такія ж няшчасныя, як і мы, і размаўляюць на нашым дурным дыялекце. І невінаватыя бязмозглыя дзяржаўныя дзеячы”.

(Уладзіслаў: ) “Я заўважыў адну непрыемную рэч. “Малады фронт” абвясьціў галадоўку за правы розных людзей, у тым ліку вернікаў-хрысьціянаў. Тут, напэўна, маюцца на ўвазе тыя хрысьціяне, у якіх забіраюць малітоўны дом. Але чаму ніхто з гэтых хрысьціянаў не далучыўся да галадоўкі? Чаго пратэстанты і праваслаўныя ўсёй Беларусі не абвясьцілі пост? У Старым Запавеце апавядаецца пра шматлікія выпадкі пастоў, калі божаму народу пагражала небясьпека. І ўсе тыя масавыя пасты былі палітычнымі галадоўкамі, таму што ў пэрыяд духоўнага ўздыму не існавала розьніцы паміж рэлігіяй і палітыкай.

“У Бібліі напісана: “Гасподняя зямля і што напаўняе яе”. А прадстаўнікі ўлады часта паводзяць сябе так, нібыта яны стварылі гэтую плянэту ўласнымі рукамі. Захад забараніў беларускім чыноўнікам уезд на сваю тэрыторыю. Беларусь зрабіла сымэтрычны адказ, толькі гэты адказ не зусім сымэтрычны. Справа ў тым, што Эўразьвяз і ЗША можна разглядаць як супольнасьць прыватных уладаньняў. Распараджацца ў сваім уладаньні ўласьнік мае абсалютнае права. У Беларусі няма прыватнай уласнасьці на зямлю. Значыцца, у гэтай спрэчцы Амэрыка больш мае рацыю. А тут наагул забароны больш чым сур’ёзныя – фальшаваньне выбараў. Улада ад Бога ня стала б такое рабіць ні ў ніякім выпадку па розных прычынах. І яшчэ я хацеў бы заўважыць, што забарона на ўезд – гэта ня самае дрэннае, што можа зрабіць дзяржава. Значна горш, калі існуе абарона на выезд. У такім выпадку ўся краіна ператвараецца ў суцэльную турму. Гэта было ў нас нядаўна і пакрысе аднаўляецца. Напрыклад, празь Беларусь перасталі езьдзіць міжнародныя перавозчыкі, таму што іх упускаюць на некалькі мэтраў у краіну, а потым абіраюць, ня рэдка канфіскуючы разам з грузам і машынай.

Я лічу, што нават калі б Беларусь была дэмакратычнай краінай, усё роўна нельга карыстацца дэмаграфічным становішчам, і няма розьніцы, ці падатак бярэцца з машыны ці з газавай трубы. У любым выпадку – гэта рабаўніцтва на дарозе, толькі цывілізаванае. Трэба зарабляць на жыцьцё ўласнай працай, але сёньня дзяржава гэта не дазваляе”.

(Спадарыня: ) “Дзень добры, шаноўная “Свабода”. Я слухала, спадар Трусаў сказаў, што руская мова і беларуская – гэта добра, няхай будуць у нашай Беларусі. Я зь ім ня згодная. Так нельга. Трэба, каб была толькі беларуская. Рускія жывуць тут даўно, таму няхай прызвычайваюцца да беларускай. А руская мова не патрэбная, бо яна толькі перашкаджае. І мы хочам, каб была беларуская!”

(Спадар: ) “Мяне цікавіць, чаму на “Свабодзе” няма прамога эфіру, як у Расеі? Я “Свабоду” слухаю з 89-га году. Майму “Акіяну” ўжо дваццаць год. І, па-другое, хачу спытаць у апазыцыі, чаму я павінен гвалтам вывучаць беларускую мову? У нас шмат зьмешаных шлюбаў, таму, я лічу, што павінны быць і беларуская, і расейская мовы. І яшчэ, мне здаецца, што гэта наогул “лукашэнкаўская” “Свабода”, што ён зрабіў падстаўную “Свабоду”, а мы, як лохі, вам верым. Мне здаецца, што гэта КДБ стварыла вашу “Свабоду”, а мы вам тэлефануем”.

(Яблонскі, Маладэчна: ) “Паважаная, “Свабода”! Я хачу сказаць, што вельмі хвалююся за сваё жыцьцё. Мяне могуць адправіць у вар’яцкі дом. Калі вы пачуеце, што я памёр ад сэрца ці ад чаго-небудзь, ня верце. У мяне блякада сэрца, але я жыву зь ёй ужо даўно. Я лёг ў бальніцу № 2 г. Маладэчна з болем у страўніку. Але са мною там пачалі рабіць такое, што я мог бы й з глузду зьехаць. Зь мяне там зьдзекаваліся. Я ня ведаю, што мне цяпер рабіць. Я зараз знаходжуся па адрасе: г. Маладзечна завулак 1-ы Сухі д. 90 а. Мой тэлефон: 3-52-62. Дзякую”.

(Спадар: ) “У мяне пытаньне да спадара Лябедзькі. Вас неаднаразова зьбівалі: раней каля пад’езду вашага дома, у 2004 годзе падчас парлямэнцкіх выбараў і ў іншых выпадках. Няўжо вам напляваць на сваё здароўе, і таму вы ўсё рвяцеся да ўлады? Навошта вам улада, калі вам адаб’юць ныркі або яшчэ што-небудзь? Я вас не разумею. Беражыце сваё здароўе і не рвіцеся да ўлады. Улада мае карныя органы, таму вы нічога не зможаце зрабіць”.

(Давыдзенка Павел Андрэевіч, інвалід 2-групы, пацярпелы ад аварыі на ЧАЭС, г.п. Парычы: ) “Я хачу сказаць наступнае. Куды б я не зьвяртаўся, усё дарэмна. У нашай дзяржаве, Рэспубліцы Беларусь, вэртыкаль прызначаецца чыноўнікамі й прэзыдэнтам, а не выбіраецца народам. Гэта карупцыя ўсіх галінаў улады. Гэта падман. Сьлёзы і кроў. Калі не працуе закон, то квітнее хамства, грабеж, гвалт. Чыноўнікі беспакарана рабуюць народ. Гэта вынішчэньне нацыі і дарога ў пекла.”

(Спадар: ) “У мяне пытаньне да спадара Мілінкевіча. На “блакітным” майдане была такая публіка: наркаманы, алькаголікі, прастытуткі і іншыя падонкі беларускага грамадзтва. Захад забясьпечваў іх наркотыкамі, гарэлкай, шпрыцамі, прэзэрватывамі, ежай. Калі б майдан улады не ліквідавалі, а Захад працягваў іх усім гэтым забясьпечваць, то яны былі гатовыя сядзець у гэтых намётах бясконца. Вы інтэлігент, ведаеце замежныя мовы, няўжо вам не было сорамна з гэтай браціяй? Іншая справа, калі б там сабраліся людзі ад станкоў, інтэлігенцыя... Я вас прашу такога больш не рабіць”.

(Спадар: ) “Добры дзень! Я хачу даведацца ваш адрас, бо ўсё па тэлефоне за дзьве хвіліны ня скажаш. Таму будзьце ласкавы даць мне свой адрас, каб я напісаў вам пісьмо”.

(Мікалай Другі, Сеньненскі раён: ) “Паехаў на могілкі, каб прыбраць бацькаву магілку, парваць траву, бо болей некаму. Пагнулі агароджу, не нашая, саўгасная, тэхніка пагнула, а раённая тэхніка. Ільнозавод Сеньненскі. І вось з каго спытаць ды і што спытаць. Ну, а зараз другое пытаньне. Прыехаў да нас малады хлопец – ударнік з Сеньненскага раёну, Будны Віктар, і скардзіцца, што жанчына, старшыня калгасу, прымушае гэтага хлопца працаваць у саўгасе на яго асабістым трактары. Я гэтага хлопца і пытаю, чаго ён ніяк ня можа зь ёй пагаварыць, чаго баіцца, чаму ён тут рады? Тым трыццаці тысячам у тыдзень, што яму дала гэта гаспадыня? Гадуйцеся, панове”.

(Пэнсіянэрка, г. Менск: ) “Усе надзеі на духоўнае адраджэньне на працягу доўгага часу ўскладаліся на просты люд, які жыве працай. Жыве ў спрадвечным клопаце ад хлебе надзённым. Аднак ХХ-е стагодзьдзе прадэманстравала, што, апрача лёгікі нацыянальнага разьвіцьця, ёсьць абставіны, якія не залежаць ад волі малых нацыяў. У вялікай гісторыі свая лёгіка. Мы бачым, што нашай апазыцыі, і наогул, тым маладым змагарам, якія імкнуцца накіраваць ход падзей у патрэбным кірунку, дабіцца ад улады сваіх патрабаваньняў, вельмі складана. Ім прыходзіцца ісьці на вялікія ахвяры, я маю на ўвазе галадоўку, яны рызыкуюць сваім здароўем і нават сваім жыцьцём. Улада не зьвяртае на іх увагі, быццам нічога не адбываецца. Улада лічыць, што большую частку насельніцтва задавальняе той стан жыцьця, які ёсьць зараз у нашай краіне. Таму трэба больш крытычна выказвацца ўсім слаям нашага насельніцтва, каб улада даведалася, што ёсьць і нэгатыўныя зьявы ў нашым жыцьці. Я маю на ўвазе стан тых пэнсіянэраў, якія атрымліваюць невялікую пэнсію і вымушаныя зьбіраць бутэлькі, каб мець якую падтрымку да сваёй пэнсіі. Такіх людзей шмат, іх можна бачыць на прыёмных пунктах шклотары. Гэта відовішча не для слабанэрвных”.

(Мікалай, г. Асіповічы: ) “Галадоўка дзяцей – гэта ня ёсьць акт адчаю, а акцыя барацьбы за ўладу. Таму не трэба ўчыняць гістэрыку на радыёстанцыі “Свабода” з-за неіснуючай галадоўкі. А чаму няма рэакцыі ад насельніцтва і кіраўніцтва? Таму што гэта не галадоўка, а шоў. І ўсе гэта добра разумеюць. А па мне, няхай галадаюць, бо гэта эканомія прадуктаў і менш адкідаў”.

(Спадарыня: ) “Паслухала “Званкі на Свабоду” і прыйшла ў захапленьне ад тэлефанаваньня жанчыны, якая з запалам вучыла, як трэба любіць сёньняшнюю Беларусь; абуралася на Мілінкевіча за яго вандроўкі за межы краіны, амэрыканцам таксама дасталася. Гэта каб ёй крыху ведаў ды культуры, была б ня дрэнным вашым канкурэнтам. А, можа, гэта проста зайздрасьць? Няўжо ня ведае, што Ленін ня толькі езьдзіў, але і жыў за мяжой? Пра Хрушчова нават анэкдот быў: “Не сеет, не пашет, только шляпой машет, по свету катается…” і г.д. А моладзь – гэта рунь маладая, на якую пасьля маразоў выпускаюць быдла, каб лепш пусьцілася”.

(Спадар, Пінск: ) “Вось толькі што пачуў выступленьне нашага прэзыдэнта ў перадачы “Контуры”, як ён учыніў разнос чыноўнікам, нават спорту. Але я ўзгадваю мінулую зіму, як я абышоў усе крамы ў нашым горадзе, каб знайсьці лыжы, хакейную клюшку і шайбу для свайго сына – нічога падобнага я не знайшоў. Таньней за 80 тысячаў рублёў лыжаў не было, а клюшак дык наогул для малых дзяцей нельга знайсьці ўжо шмат год! А між тым узгадваю сваё дзяцінства, як Целеханская лыжня фабрыка на ўвесь Савецкі Саюз рабіла і клюшкі, і лыжы – і ўсё было ня так ужо і дрэнна. А ў 90-е гады яна прыйшла ў заняпад, і да гэтага часу знаходзіцца ў заняпадзе; выжывала тым, што рабіла на экспарт сабачыя будкі для багатых кліентаў. Я думаю, што трэба перш за ўсё, мусіць, наладзіць выпуск танных, на першы час даступных шырокаму насельніцтву па цэнах клюшак, шайбаў, лыжаў для дзяцей ад 6 год і вышэй, а ня толькі для дарослых, якія каштуюць больш за 100 тысячаў. Мне здаецца, трэба пачаць з малога, а потым ужо вінаваціць чыноўнікаў”.

(Аляксандра, в. Шымкі: ) “Гадзіну таму я вам задаў пытаньне, адкуль на вашу радыёстанцыю паступае інфармацыя, што Лукашэнка мае недзе ў замежных банках нейкія сумы. Я маю доступ да інтэрнэту, да мабільнай сувязі, дык мае землякі сказалі, што я разумнейшы, і каб я запытаў у радыёстанцыі “Свабода”, ці ёсьць у Лукашэнкі і ў якім банку, у якой краіне даляры ці то там “зайцы”, дзе яны?”

(Спадарыня:) “А, можа, варта іх пазнаёміць гэтых двух аднабакова адукаваных лукашыстаў, занадта актыўных у рубрыцы “Званкі на Свабоду”: жанчыну з краснапольскім акцэнтам і бравага пэнсіянэра з па-вайсковаму выразнай дыкцыяй? Бо што, акрамя адзіноты і пустаты, рухае грамадзянінам з крайне саўковымі поглядамі слухаць нашу “Свабоду”? Няхітрая гэта справа цягнуць пэнсійную коўдру на сябе, калі вас шмат, заадно пазбаўляючы будучага ўсіх, хто нарадзіўся пазьней”.

(Лявон: ) “Паважаны рэдактар ці вядучы перадачы “Званкі на Свабоду”, вы цудоўна ведаеце, што ў любой інфармацыі запамінаецца найлепей тое, што ў канцы, гэта нават славуты Мюлер гаварыў. Няўжо таму абсалютны нэгатыў і лухту і брахню на дэмакратыю, на Юшчанку, на Грузію амаль заўсёды ставіце ў канцы? Няўжо гэта так? У БДУ так напэўна вучаць”.

(Спадарыня: ) “Вельмі разумныя словы былі сказаныя адным чалавекам у “Званках на Свабоду”, што ў нас у Беларусі самае страшнае – гэта Чарнобыль і руская мова. Гэта справядліва. Вось як пазбавіцца рускай мовы? Будзе беларуская мова, будзе лягчэй усім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG