Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэставаньне па беларускай мове прайшлі 80 608 абітурыентаў


Радыё Свабода У Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэставаньне абітурыентаў вышэйшых навучальных установаў краіны. Першы пісьмовы іспыт па беларускай мове пажадалі прайсьці 80 тысяч 608 чалавек. Тэставаньне па расейскай мове выбралі 100 тысяч 226 юнакоў і дзяўчат. Адмыслоўцы адзначаюць, што беларускамоўнае навучаньне ў школах скарацілася, але колькасьць ахвотных прайсьці тэставаньне па-беларуску ня меншае.

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ўсе абвесткі пра тэставаньне па беларускай мове, гісторыі Беларусі, а таксама сьпісы абітурыентаў напісаныя па-расейску. Але менавіта ў Менску найбольшая колькасьць юнакоў і дзяўчат тэставаліся па беларускай мове — 24 тысячы. Вось што яны казалі пра свой выбар па завяршэньні іспыту.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму абралі беларускую мову на тэставаньне?”

(Юнак: ) “Бо лепш здаваць беларускую мову, бо ўсё ж такі яна родная”.

(Юначка: ) “Бліжэй да сэрца”.

(Юначка: ) “Родная мова — заўсёды лепш”.

(Юнак: ) “Я таксама трымаюся гэтага меркаваньня”.

(Юначка: ) “Мы цяпер ня вельмі добра размаўляем па-беларуску, бо амаль усе школы ў нашай краіне расейскамоўныя. І таму мы не валодаем роднай мовай у такой ступені, каб размаўляць на ёй штодня”.

(Карэспандэнтка: ) “А хацелі б?”

(Юначка: ) “Так, хацелася б”.

Найбольшая колькасьць прыхільнікаў тэставаньня па беларускай мове ў рэгіёнах на Берасьцейшчыне: 14 тысяч 638 чалавек. Затым ідуць Гомельская, Гарадзенская, Віцебская, Магілёўская й Менская вобласьці. Адначасна тэставаньні па іншых дысцыплінах гэтыя ж абітурыенты жадаюць праходзіць па-расейску, паведаміў намесьнік дырэктара Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Ігар Козел.

(Козел: ) “Па некаторых прадметах вельмі мала ахвочых здаваць на беларускай мове тэставаньне. І матэматыка, і фізыка, і хімія, і біялёгія. Я не магу патлумачыць чаму, але абітурыенты жадаюць карыстацца тэстамі на расейскай мове”.

Паводле спадара Козела, разам у цэнтралізаваным тэставаньні будуць удзельнічаць 180 тысяч 834 чалавекі. І прыхільнікі беларускай мовы саступаюць колькасна аматарам расейскай мовы цягам некалькіх апошніх гадоў. Чаму абітурыенты выбіраюць іспыт па беларускай мове, але затым пераходзяць на расейскую, гаворыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Выбіраюць беларускую мову на тэставаньне зь вельмі простай прычыны: беларуская мова лягчэйшая, чым расейская. І яна, дарэчы, у Менску й вялікіх гарадах больш прэстыжная. Гэта больш “прыкольна” — здаць па-беларуску, як яны кажуць. Гэта цяпер расейская мова выйшла на першае месца, а яшчэ два гады таму беларускую мову жадалі здаваць на тысячу чалавек больш. Гэта зьвязана з тым, што колькасьць беларускамоўных выпускнікоў істотна зьменшылася за гэтыя два гады”.

Паводле спадара Трусава, з гэтай жа прычыны дакладныя дысцыпліны абітурыенты жадаюць здаваць на той мове, на якой іх вывучалі ў школе — на расейскай.

Як паведамілі ў Таварыстве беларускай мовы, сёлета ў школах і гімназіях краіны навучаліся 1 мільён 200 тысяч беларускіх школьнікаў. На роднай мове адукацыю атрымоўвалі 23% навучэнцаў. Цягам некалькіх гадоў Таварыства беларускай мовы пры падтрымцы грамадзкасьці патрабуе ад уладаў адкрыць беларускую вышэйшую навучальную ўстанову. Аднак гэтыя намаганьні пакуль ня маюць плёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG