Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Паходня" – 20 гадоў гістарычна-асьветніцкаму клюбу


Міхал Карневіч, Горадня Сёлета споўнілася 20 гадоў гарадзенскаму гісторыка-культурніцкаму клюбу “Паходня”. На самым пачатку станаўленьня ягоным прэзыдэнтам, натхняльнікам, ідэолягам быў вядомы беларускі гісторык Міхась Ткачоў. Дагэтуль сябры суполкі зь цеплынёй і пашанай згадваюць ягонае імя, усё тое, што ім удалося зрабіць разам.

Днём нараджэньня клюбу лічыцца 12 сакавіка 1986 году – у гэты дзень адбылося першае паседжаньне ў гарадзкім Доме культуры. “Паходня” паўстала зь ініцыятывы навуковых работнікаў Інстытуту біяхіміі Акадэміі навук БССР на чале з Міколам Тарандам. Трохі пазьней далучыўся выкладчык гісторыі гарадзенскага ўнівэрсытэту Міхась Ткачоў. Ён і стаў лідэрам суполкі. Успамінае прафэсар Аляксей Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) "Міхась Ткачоў быў выдатным арганізатарам, у яго было шмат ідэй: навуковых, асьветніцкіх, якія трэба было рэалізоўваць у той час "перабудовы". Ён ажыцьцяўляў сам выдатную ідэю – замкі Беларусі, але гэта яго не задавальняла, яму трэба было працаваць і з моладзьдзю, і ўвогуле з гарадзенцамі, рабіць нешта больш шырокае, маштабнае".

"Паходня" займалася арганізацыяй фальклёрных сьвятаў і літаратурных чытаньняў, правядзеньнем сустрэч і дыскусій у пытаньнях беларускай культуры, захаваньнем помнікаў архітэктуры і прыроды. Яна паўплывала на зьяўленьне ў Горадні шэрагу новых недзяржаўных грамадзкіх аб''яднаньняў, ажывіла палітычнае жыцьцё рэгіёну.

Менавіта паходняўцы наладзілі першае масавае сьвяткаваньне Купальля, зьбіралі сродкі на помнік Кастусю Каліноўскаму, ратавалі ад рэканструкцыі старажытную мясьціну, якая пазьней атрымала назву плошча Тызэнгаўза.

У актыве Міхася Ткачова зь сябрамі і выратаваны ад разбурэньня будынак 18-га стагодзьдзя, які нібыта замінаў цэласнаму ўспрыняцьцю плошчы імя Леніна. Вось толькі стары чыгуначны вакзал адстаяць так і не ўдалося.

Вядомая беларуская паэтка Данута Бічэль-Загнетава так згадвае той час:

(Бічэль-Загнетава: ): "Калі параўнаць "Паходню" зь іншымі арганізацыямі ў другіх гарадах Беларусі, то, вядома, яна была найбольш дзейсная, шматлюдная, не была абмежаваная ва ўзросьце. І, канечне, тут такая магутная зьява Ткачова як гісторыка, яго талент размовы зь людзьмі – усё гэта адыгрывала сваю ролю".

Традыцыяй суполкі ад самага пачатку лічыцца асьветніцкая дзейнасьць. На большасьць паседжаньняў запрашаліся госьці, як правіла, навукоўцы з сталіцы, іншых гарадоў і рэспублік былога СССР. Пра атмасфэру, якая панавала ў той час на паседжаньнях "Паходні", расказвае прафэсар Аляксей Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) "Гэта была такая вельмі хатняя, камэрная атмасфэра на так званых паседжаньнях ці сходах, нават пілі гарбату там, сядзелі вольна і даклады былі зусім не казённыя. Але Ткачоў стараўся, каб кожная сходка "Паходні" мела карысны і навуковы, і, перш за ўсё, патрыятычна-асьветніцкі аспэкт".

Колькасьць паходнянцаў расла, да іх цягнуліся шмат розных людзей, якіх цікавіла гісторыя, патрыётыка. У невялікай залі Дому культуры мясьціліся да 200, часам 300 чалавек. Зразумела, падобная сытуацыя не магла застацца без пільнай увагі ўладаў. Першы кіраўнік "Паходні" Мікола Таранда кажа, што найбольш даставалася менавіта Ткачову:

(Таранда: ): "Ткачоў заўсёды браў на сябе камяні, якія ляцелі ў "Паходню". Яму заўсёды больш даставалася, чым мне, хаця ўсякія непрыемнасьці прыходзілі празь мяне. Потым даводзілася выслухоўваць, як ён мяне адчытваў".

Аўтарытэт Міхася Ткачова ў "Паходні" быў вельмі высокім: зь ім раіліся, яго слухалі і паважалі. Згадвае Тацяна Маліноўская, выкладчыца гарадзенскага ўнівэрсытэту:

(Маліноўская: ) "Гэта нават тады кідалася ў вочы: яго заўважалі як навукоўца, да яго прыслухоўваліся як да навукоўца і ягонае слова сапраўды было важкім". Выдатная гарадзенская паэтка Данута Бічэль-Загнетава прысьвяціла яму верш, які назвала "Археоляг". Там ёсьць такія радкі:

"Цудоўны занятак які: Ісьці ў адваротным напрамку, Местам дарыць па замку, Дарыць гарадзішчам вякі".

Гарадзенскі рэстаўратар Уладзімер Кіслы ня толькі працаваў з прафэсарам Ткачовым, але й сябраваў зь ім, яны часта сустракаліся, гутарылі на розныя тэмы.

(Кіслы: ): "Ён быў з шэрагу людзей, як Караткевіч ці Арлоў, каторыя гісторыю маглі паднесьці так, што ты яе мог адчуваць на ўзроўні такім духоўным, як ты адчуваеш каханьне, цяпло".

Пасьля ад''езду Міхася Ткачова ў Менск на працу ў выдавецтва Беларуская энцыкляпэдыя «Паходня» па-ранейшаму дзейнічала – дужа магутны зарад атрымала ад свайго лідэра. Падчас апошніх наведваньняў клюбу ў альбоме для ганаровых гасьцей Ткачоў запісаў такія радкі: "Паходня, жыві творча, працуй на карысьць роднага краю!"

Міхась Ткачоў памёр у Менску 31 кастрычніка 1992 году.

На самым пачатку 90-х, калі Беларусь аднавіла сувэрэнітэт, “Паходня” прыпыніла сваё існаваньне. Бо праблемы, якія імкнуліся вырашаць паходняўцы, пачалі ўздымацца на дзяржаўным узроўні. Але гэты пэрыяд працягнуўся нядоўга: у 1996 годзе сябры суполкі ізноў пачынаюць зьбірацца на паседжаньні, таму што адраджэньне беларускасьці апынулася пад пагрозай.

Сёлета 20-гадовы юбілей “Паходні” ніяк не адзначаецца, ды й сябры клюбу даўно не зьбіраюцца. Некалькі гадоў таму гарадзенскія ўлады пазбавілі іх памяшканьня. Арганізацыя страціла юрыдычны адрас і калі да 1 ліпеня не займее яго, апынецца без рэгістрацыі. Мікола Таранда кажа, што зьвярнуўся да ўладаў з чарговай просьбай, каб “Паходні” дапамаглі, але адказу пакуль няма...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG