Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “дзятлаў” правяраюць на мяжы


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд недзяржаўнага друку за 12 чэрвеня.

Ці варта падзяляць беларускае грамадзтва на “гарадзкіх” і “вясковых” і ці сапраўды толькі “вяскоўцы” падтрымліваюць уладу Лукашэнкі? На гэтую тэму разважае аглядальнік тыднёвіка “Белорусы и рынок” Канстанцін Скуратовіч. Ён мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка даўно ператварыўся з “народнага” кіраўніка ў кіраўніка “намэнклятурнага”, большая ж частка насельніцтва нават паводле тэарэтычных падлікаў экспэрта ня згодная з палітыкай цяперашняй улады. Лукашэнка абапіраецца на пэнсіянэраў, але пэнсіянэр у 2006 годзе значна адрозьніваецца ад пэнсіянэра ў 1994-м, калі людзі старэйшага пакаленьня не маглі ўявіць Беларусі асобна ад Расеі. Апрача таго, выгадавалася новае пакаленьне маладых людзей, якія ніяк не прымаюць рынкавага сацыялізму, і ў далейшым Лукашэнка ня здолее абапірацца на іх.

Актыўнасьць Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця на беларускім рынку можа істотна вырасьці – пра гэта піша сёньняшняя “Белгазета”. На фоне вельмі абмежаванай прысутнасьці ў Беларусі МВФ, Усясьветнага банку й Міжнароднай фінансавай карпарацыі Эўрапейскі банк паводзіцца зусім іначай, чым іншыя міжнародныя арганізацыі. На 1 красавіка гэтага году Эўрапейскі банк прафінансаваў праектаў амаль на 200 мільёнаў эўра. Гэта капейкі ў параўнаньні з агульным аб’ёмам яго апэрацыяў, аднак для Беларусі паказальна, што попыт на паслугі Эўрапейскага банку ўвесь час расьце. А ў зьвязку з магчымымі пераменамі на расейскім фронце падтрымка гэтай арганізацыі стане для Беларусі вельмі дарэчы.

Журналіст “Белгазеты” Віктар Марціновіч піша пра “дзятлаў”. Гэта такая катэгорыя беларускіх грамадзянаў, якіх на мяжы мытнікі й памежнікі абавязаныя правяраць – людзі, якім выезд з краіны не забаронены, але сам працэс перасячэньня мяжы для іх будзе максымальна непрыемны. У лік “дзятлаў” уваходзяць журналісты недзяржаўных мэдыяў, некаторыя палітыкі й грамадзкія дзеячы. Прозьвішчы гэтых людзей у адмысловых памежных сьпісах пазначаныя літарай “д”.

Інтэрнэт-выданьне “Салідарнасць” публікуе матэрыял “Палітычны футбол”. Як вядома, прэзыдэнт Ірану Ахмадзінэджад можа ня трапіць на чэмпіянат сьвету па футболе – нямецкія габрэі прыгадваюць яму выказваньні пра тое, што Галакост – гэта “казка”, а Ізраіль – гэта дзяржава, “якую варта сьцерці з усіх мапаў сьвету”. Ахмадзінэджада ўжо называюць другім Гітлерам. Між тым зборная Ірану бярэ ўдзел у чэмпіянаце. “Напэўна, шмат якія беларускія чыноўнікі сёньня задаволеныя з таго, што зборная Беларусі на чэмпіянат сьвету ня трапіла. Бо шмат каго зь іх у Эўропе таксама не чакаюць. А так праблема "ехаць – ня ехаць" для беларусаў зь “неўязнога” сьпісу зусім неактуальная”, – піша журналіст “Салідарнасці” Павел Самохін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG