Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыбуна


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою: палітбюро, трусы сямейныя, балоньня, Сопацкі фэстываль, дзявочы сьпеўнік, чалавек-амфібія, "па блату"... Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фатаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.

Сярод сакральных спарудаў савецкай эпохі галоўнымі былі помнікі Леніну і сьвяточныя трыбуны. Трыбуны былі як стацыянарныя, так і часовыя. Скажам, у мястэчку Дзісна з насельніцтвам дзьве з паловай тысячы чалавек трыбуна была стацыянарнай. Стаяла яна на цэнтральным пляцы і несьвяточным часам зарастала пустазельлем. Апроч таго, яна была скрозь закіданая бутэлечнымі коркамі, і навакольныя сабакі, прабягаючы міма, падбягалі да левага вугла і задзіралі нагу. Кажу гэта, бо сам піў на трыбуне “чарніла” і частаваў плаўленымі сыркамі – папулярным на той час закусонам – дзісенскіх сабакаў. Перад сьвятамі пустазельле абсякалі, сьмецьце прыбіралі, а саму трыбуну пакрывалі фарбай-серабранкай. Пры гэтым казённую фарбу эканомілі, рэшткі несьлі дахаты і потым фарбавалі агароджы на магілах родных ды блізкіх.

А вось у Наваполацку стацыянарнай трыбуны не было, і яе мантавалі за тры дні за сьвята. Напачатку зьбіралі каркас з мэталёвых трубаў, а потым абівалі лістамі чырвонага плястыку. Трыбуна мела строгую архітэктоніку. Дамінантнай была цэнтральная частка, якая выпіналася наперад і нагадвала выцягнутую са стала шуфляду. У гэтай самай шуфлядзе стаяла гарадзкое кіраўніцтва на чале зь першым сакратаром гаркаму партыі. У бакавых крылах гуртаваліся функцыянэры больш нізкага рангу. Агулам набіралася чалавек трыццаць.

Яшчэ адна аздоба сьвятаў – вялізныя партрэты клясыкаў марксізму і, крыху меншыя па памерах, партрэты членаў і кандыдатаў у члены палітбюро. Іх усталёўвалі за трыбунаю, і загадчык аддзелу агітацыі і прапаганды гаркаму партыі асабіста спраўджваў, ці моцна яны трымаюцца. Былі выпадкі, калі партрэты валіў вятрыска. Ну а пры лёгкім ветрыку партрэты ажывалі: Маркс дабрадушна пасьміхаўся і барада ягоная варушылася лагодная хваляй, а Брэжнеў наадварот – незадаволена варушыў густымі бровамі.

Па цэнтру трыбуны, на тым месцы, дзе звычайна стаяў першы сакратар, прымацоўвалі мікрафоны. Але падчас дэманстрацый у іх ніхто не гарлаў. Агучвалі сьвяточную дзею адмыслова падабраныя людзі, якія сядзелі на гарадзкім вузьле сувязі.

Пасьля дэманстрацыі трыбуну пару дзён абмывалі дажджы, а потым яе разьбіралі і везьлі на склад. Аднойчы, пабачыўшы, што трыбуна стаіць напаўразабраная, мы, шкаляры, павісьлі на каркасных трубах. Сталі спаборнічаць: хто колькі разоў падцягнецца. Ды тут угледзелі міліцыянта, які борзда шыбаваў у наш бок. Сярод аб’ектаў, якія трэба было пільнаваць, была і напаўразабраная трыбуна.
XS
SM
MD
LG