Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Паліна Смолава далучылася да калябарантаў з рэжымам"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская прэса піша пра раскол у шэрагах беларускай апазыцыі, а таксама пра выбар, перад якім апынаюцца ў Беларусі творцы – супрацоўнічаць з рэжымам ці не.

“Аляксандар Мілінкевіч прызнае, што беларуская апазыцыя падзеленая”, – такі загаловак мае артыкул у польскім штодзёньніку “Rzeczpospolita”. Газэта піша, што яшчэ тыдзень таму беларускія палітолягі казалі польскім мэдыям, што раскол у шэрагах апазыцыі немагчымы, але ўжо тады “лідэр АГП Анатоль Лябедзька патрабаваў склікаць Кангрэс дэмакратычных сілаў – кангрэс, на якім увосень 2005 году Лябедзька нязначна прайграў Мілінкевічу ў галасаваньні на пасаду кандыдата аб''яднанай апазыцыі ў прэзыдэнцкіх выбарах”.

“Rzeczpospolita” адзначае, што паводле лідэраў АГП, Аляксандар Мілінкевіч ужо выканаў сваю ролю як адзіны кандыдат. Яны крытыкуюць таксама рух “За свабоду”, які Мілінкевіч стварае.

“Аляксандар Мілінкевіч, аднак, не сьпяшаецца праводзіць кангрэс. Ён кажа, што гэта можна зрабіць, але галоўнае цяпер, гэта праца зь людзьмі, бо “саміх сябе няма сэнсу пераконваць, а еднасьці лепш за ўсё дасягнуць праз працу, а не размовы” – піша “Rzeczpospolita”.

Між тым тыднёвік беларусаў Польшчы “Ніва” у рубрыцы “Вачыма эўрапейца” зьмяшчае матэрыял Мацея Халадоўскага “Выбар мастакоў”.

“У краінах зь недэмакратычнымі сыстэмамі страшэнна цяжка функцыянаваць творцам, бо трэба рабіць выбар – ці аддаць сябе і сваё мастацтва пад уладараньне прапаганды, паддацца інструмэнтальнаму трактаваньню рэжыму, ці трапіць у айчыне ў нябыт... У Эўропе гэта праблема існавала ў гітлераўскай Нямеччыне, Савецкім Саюзе і дзяржавах –спадарожніках, ці хаця б у францускіх мастакоў у часе гітлераўскай акупацыі”, – піша спадар Халадоўскі.

Ён адзначае, што ў цяперашняй Беларусі “нельга быць у шоў-бізнэсе і не падтрымліваць Лукашэнку”.

“Паліна Смолава далучылася да эўрапейскай, сусьветнай групы калябарантаў з рэжымам, у яе выпадку – лукашэнкаўскім. Несумненна, яна таленавітая, але гэта тым больш ня можа апраўдваць яе паводзінаў, падтрымкі рэжыму. А наадварот. Маю ўражаньне, што дэмакратычная Эўропа ня ведае, што з такімі творцамі як Смолава рабіць”, – піша беластоцкая “Ніва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG