Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачынаецца футбольны чэмпіянат сьвету


Ігар Карней, Менск Cёньня стартуе спартовае мерапрыемства, якое сваім размахам саступае хіба толькі Алімпійскім гульням. 32 нацыянальныя каманды зьехаліся ў Нямеччыну, каб выявіць наймацнейшага ў гэтым, бадай, самым масавым і папулярным відзе спорту. Як высьветліў карэспандэнт "Свабоды", беларуская прысутнасьць у Нямеччыне будзе надзвычай сьціплай.

Аргкамітэт чэмпіянату сьвету падлічыў: нумары ў гатэлях Нямеччыны зарэзэрвавалі турысты з 72 краінаў сьвету – яшчэ ў траўні быў забраніраваны адзін мільён месцаў! На гэтым тле арганізаваных групаў зь Беларусі не плянуецца: так і не знайшлося футбольных гурманаў, якія маглі б штосуткі выкладаць за двухмясцовы нумар 186 эўра. Ня кажучы ўжо пра этап вырашальных матчаў – 7 500 эўра за праезд, квіткі на два паўфіналы і пражываньне ў 4-зоркавым гатэлі. Аднак у кампаніі “Турлюкс” сказалі, што адзінкавых беларусаў на трыбунах сустрэць усё ж рэальна:

(Супрацоўнік “Турлюксу”: ) “Мы не зьбіраліся ладзіць спэцыяльныя туры, але прадавалі квіткі на матчы. Іншымі словамі, заўзятары куплялі квіткі і дабіраліся да месца самастойна: хтосьці сам замаўляў гатэль, хтосьці праз нас, калі мы браніравалі і пад Дортмундам, і пад Ляйпцыгам. На той момант, калі мы іх прадавалі (а было гэта ўжо досыць даўно, на пачатку вясны), тады яны каштавалі ў раёне 200 эўра. Гэта толькі на групавы турнір, бо квіткі на плэй-офф даражэйшыя”.

Парадак правядзеньня чэмпіянату аналягічны двум папярэднім: удзел бяруць 32 каманды, падзеленыя на 8 групаў. Пасьля гэтай стадыі пачнецца плэй-офф, які завершыцца выяўленьнем наймацнейшага ў фінальнай сустрэчы ў Бэрліне 9 ліпеня (а ўсяго першынства будзе праходзіць у 12 гарадах Нямеччыны).

Ці не найбольшай адметнасьцю стаў удзел у мундыялі адразу шасьці дэбютантаў, якія ўпершыню прабіліся ў фінальную частку і ў масе сваёй прадстаўляюць Афрыку: зборныя Тога, Кот д’Івуару, Анголы, Ганы, Трынідаду і Табага, а таксама з Эўропы – зборная Ўкраіны.

Калі гэты шэраг працягне Беларусь – не загадваюць нават самыя вялікія аптымісты. Адзін з найбольш аўтарытэтных беларускіх спэцыялістаў Леанід Гарай лічыць, што беларускія футбалісты не гатовыя да такіх спаборніцтваў, перадусім, маральна.

(Гарай: ) “Малафеяў, прыкладам, блефаваў. Адзін на адзін дзесьці – не для газэты, не для радыё – казаў: “Канечне, Палыч, паглядзі: дзесьці плацяць гульцам па 3-5 тысяч даляраў за перамогу, а ў нас – толькі 300 даляраў. Але гэта паміж сабой. А на зборах выходзіў і гаварыў: “Хлопцы, вы за краіну гуляеце! Мы радуемся, што вы ў кіеўскім “Дынама” 300 тысяч даляраў на год маеце, але ў нас у Беларусі няма такіх магчымасьцяў плаціць. Будзьце добрыя, сваёй гульнёй за зборную, сваёй самааддачай у кожным эпізодзе аддзячце краіне за тое, што яна вас вырасьціла, і вы атрымалі магчымасьць у якім-небудзь “Штутгарце” па 30-40 тысяч даляраў на месяц атрымліваць. Мы вамі ганарымся, хлопчыкі, але і вы аддайце даніну павагі!”

Сярод галоўных прэтэндэнтаў на “золата” называюць цэлую групу камандаў, якую традыцыйна ўзначальвае Бразылія – цяперашні чэмпіён сьвету. Брытанская букмэкерская кантора “William Hill” прымае стаўкі на бразыльцаў з каэфіцыентам 3,25:1. Далей ідуць ангельцы (7:1), дзейныя віцэ-чэмпіёны немцы (8:1) і аргентынцы (9:1).

Шанцы на перамогу зборнай Украіны ацэньваюцца як 67:1, а галоўным аўтсайдэрам сёлетняга першынства называецца зборная Трынідаду і Табага. Прыблізна такі ж расклад прагназуюць і беларускія букмэкеры. Максымальна стаўка можа спрацаваць на Савудаўскай Арабіі, Анголе і згаданым ужо Трынідадзе. Паставіўшы на іх, можна выйграць суму ў 250 разоў большую (праўда, зразумела і тое, што ставіць на іх – адразу выкінуць грошы).

З улікам таго, што шмат беларусаў будуць падтрымліваць Украіну, у розных варыяцыях прымаюцца стаўкі на гэтую зборную: хто заб’е першы гол, стане лепшым бамбардырам і г.д. Няцяжка здагадацца, што самы нізкі каэфіцыент выйграе стаўка на зорку ўсясьветнага футболу Андрэя Шаўчэнку. Але калі Ўкраіна барацьбу за мэдалі пачне толькі 14 чэрвеня, то сёньня ў 19.00 Чэмпіянат сьвету 2006 году адкрые матч гаспадароў, зборнай Нямеччыны, і прадстаўнікоў Лацінскай Амэрыкі, каманды Коста-Рыкі. Сьледам на поле выйдуць зборныя Польшчы і Эквадору.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG