Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доля ў разуменьні беларусаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Эфір 8 чэрвеня 2006 году.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Шчасьце, доля… А што ёсьць шчасьце? І чаму адзін чалавек шчасьлівы, а другі – не? Чаму ў аднаго добрая доля, у другога – бяздольле? Праз усю гісторыю чалавечае рэфлексіі настойліва праходзіць усё тое ж пытаньне – чалавечае шчасьце, лёс, яго складнікі, прычыны, вынікі. Турбавалі гэтыя праблемы і нашых продкаў. Толькі, відаць, само разуменьне шчасьця ды долі было крыху адрознае ад нашага”.

(Тацяна Валодзіна:) “Доля ў народным сьветаразуменьні – адна з найважнейшых быцьцёвых катэгорыяў і каштоўнасьцяў. Гэта – індывідуальны або сукупны лёс, жыцьцёвае прадвызначэньне, жэрабя, зрэалізаваныя як удача, шанцаваньне або, наадварот, абдзеленасьць, бяздольнасьць. Няма як адшукаць месца долі ў апазыцыях “добры / дрэнны”, “жыцьцё / сьмерць”, ня кажучы ўжо пра такую дыхатамію, як “матэрыяльнае / духоўнае”, “канкрэтнае / агульнае”. Сэмантыка долі хутчэй тычыцца полюсу “свой” у апазыцыі “свой / чужы”.

(Ракіцкі:) “Сёньня гаворка ў нас пойдзе пра разуменьне долі ў традыцыйным грамадзтве. Мы прывыклі казаць у спалучэньні: “шчасьце – доля”. Але наколькі правамоцна ставіць гэтыя словы побач? Шчасьце – гэта шчасьце, а вось доля можа быць самая розная”.

(Валодзіна: ) “Між тым давайце паглядзім на само слова шчасьце, у расейскай мове – счастье. Разьбіраючы гэтае слова па складах, убачым: с-часть, частка, прыстаўка с- паходзіць ад старажытнаіндыйскай su- са значэньнем ‘добры’, і, такім чынам, усё слова разумеецца як ‘добрая частка’. У славянскай культурнай традыцыі доля (ці, інакш, лёс, рок), частка ці нават шчасьце – нэўтральныя адносна апазыцыі “добры / дрэнны” і могуць называць два віды лёсу: і “фартуну”, і “фатум”. Гэта апісаў Аляксандар Сержпутоўскі:

“Яшчэ на раду чалавеку даецца доля. Каму якая трапіцца доля, такое ў яго й будзе шчасьце. І што ты не рабі, як ты не старайся, а нічога не парадзіш, калі доля лядашчыца. Калі ж доля спрыяе, та хоць ты ляжы на печы да грэй чэрава, а ўсё й так сыплецца, баццэ ў млыне збожжа з каша. Каму доля спрыяе, дык яму вецер дзяцей калышэ, дожджык мые, а сонца грэе, а другога доля лядашчыца па сьвеце гуляе, аб дзетак ня дбае. Іх вецер халодзіць, дожджык не дагодзіць, сонейка смаліць, аж ліхо іх валіць”.

(Ракіцкі: ) “Як вынікае, доля чалавеку даецца. Для старажытных культураў унівэрсальнае разуменьне долі як нечага вылучанага кожнаму чалавеку менавіта багамі. Згадаем тут вядомую грэцкую багіню лёсу і сьмерці Мойру. Ад каго чакалі долі беларусы?”

(Валодзіна: ) “Дарэчы, у даслоўным перакладзе з грэцкай слова мойра азначае ‘частка, доля, доля ў спадчыне, надзел зямлі’. Як і іншыя народы, беларусы чакалі долю найперш ад Бога. Але важна і адметна тое, што ў індаэўрапейцаў доля і Бог першапачаткова азначалі адно і тое ж. Корань bog- пазначае ня толькі таго, хто надзяляе (Бог даў, дай Бог, ня дай, Божа), але й тое, чым нехта надзяляецца,а гэта значыць – самой доляй. Давайце параўнаем: багаты – гэта надзелены, а слова таго ж кораня з адмоўнай прыстаўкай – нябога, нябожчык – значыць, абсалютна пазбаўлены жыцьцёвай сілы, долі. Таму Бог выступае як надзельнік, давальнік”.

(Ракіцкі: ) “А якім чынам Бог вызначае, каму паслаць якую долю? Які адказ прапаноўвае тут народная творчасьць?”

(Валодзіна: ) “У шматлікіх паданьнях праводзіцца думка, што доля чалавеку трапляе як бы выпадкова з гульні таемных сілаў пазасьвету. У адным зь міталягічных паданьняў апісваецца сам працэс надзяленьня чалавека доляй дзесьці ў ня бачаных звычайным зрокам сфэрах. Зьмест паданьня палягае ў наступным: у выніку Божай волі добрая бязьдзетная кабета, што з пашанай паставілася да жабрака, раптам зацяжарала і на параду дасьведчаных жанчын у канцы цяжарнасьці выканала пэўныя магічныя дзеяньні, каб даведацца, каго народзіць — сынка ці дачушку”.

“У незвычайным сьне душа будучай маці далёка адляцела ў прастору і ўбачыла, як тры долі ў выглядзе трох гожых дзяўчын вырашалі, каму зь іх служыць яе сынку. Значэньне кожнай долі-паненкі сымбалізавалі вянкі на іх галовах: з калючых траў — ліхая доля, з галінак дрэў, вецьця — доля рыбака і паляўнічага, з каласоў і кветак — шчасьлівая доля гаспадара. Каму быць з хлопцам, самі долі вырашалі гуляючы. Высока ўгору была падкінута кветка зь вянка добрай долі, кожная доля-паненка імкнулася яе злавіць. Схапіла кветку ўсё ж самая гожая доля-паненка, яна й забясьпечыла шчасьлівае жыцьцё хлопцу”.

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж наколькі катэгарычная такая прадвызначанасьць долі найвышэйшымі сіламі? Няўжо чалавек сам не гаспадар свайго лёсу? Ці мае ён, паводле народных поглядаў, хоць крыху самастойнасьці?”

(Валодзіна: ) “Па праўдзе, славянскія ўяўленьні пра долю дапушчаюць адносную вольнасьць. З аднаго боку, доля кожнага вызначаная найвышэйшым судом, з другога – гэтая прадвызначанасьць ня ёсьць абсалютнай. Доля ня толькі даецца, але й бярэцца, у асобных выпадках чалавек сам выбірае сваю долю ці змагаецца з папярэдняй. Такая неадназначнасьць індывідуальнай долі выяўляецца таксама ў тым, што ў ролі яе падаўцы бачыліся ня толькі міталягічныя пэрсанажы, але й маці. Як у песьні:

Адна матка нас радзіла, адна гадавала, Чаму ж яна ня роўную нам дольку давала? Табе дала, мой брацятка, долю хлебавую, А мне дала, мой брацятка, долю сьлезавую.

(Ракіцкі: ) Такім чынам, чалавек атрымлівае долю пры нараджэньні. І што, так зь ёю і застаецца? Ці ўсё ж яе трэба нейкім чынам падмацоўваць ці, можа, карэктаваць?”

(Валодзіна: ) “У народнай традыцыі чалавек за свой век пражывае як бы не адно жыцьцё, прыкладам, пасьля вясельля ён як бы зноў нараджаецца ўжо ў новай сваёй іпастасі. Таму пры вельмі важных жыцьцёвых этапах доля мела ня тое што карэктавацца, але дапаўняцца новай, неабходнай для наступнага этапу. Прычым тут доля набывае нават матэрыяльнае ўвасабленьне. Перадусім гэта кулінарны сымбаль – абрадавы хлеб або каша”.

(Ракіцкі: ) “Якім жа чынам разьмяркоўвалася доля ў часе вясельля? І чыя доля карэктавалася? Маладой? Маладога?”

(Валодзіна: ) “Калі маладыя выходзілі з хаты, каб ехаць да вянца, маці абсявала іх жытам і тым самым “аддавала дачушцы долю”, “надзяляла доляй”. Але самым выразным увасабленьнем долі выступае вясельны каравай. Лічылася, што ад яго велічыні і прыгажосьці залежала доля маладых: “Ня ўленкайся, дзеванька. Твой каравай да падыходзіць. Зь дзяжы века падымае, твая доля прыбывае”. Пасьля таго, як каравай пасадзяць на лапату, яго забаранялася перарабляць. У народзе гэтае павер’е тлумачылася тым, што каравай выпякаюць “на долю”, а доля даецца Богам раз: таму, як Бог даў, хай так і будзе”.

(Ракіцкі: ) “Усе мы бывалі на вясельлях і назіралі, як у канцы дзеляць каравай. І кожнаму даюць па кавалачку. Наколькі гэта сымбалічна?”

(Валодзіна: ) “Каравай – сымбалічны вобраз сьвету, калектыўнай долі. У часе вясельля адбываецца пераразьмеркаваньне гэтай калектыўнай долі наноў. І кожны з прысутных павінен атрымаць сваю, новую, належную долю, увасобленую якраз у кавалачку вясельнага караваю”.

(Ракіцкі: ) “Вы сказалі – калектыўную долю. Як гэта можна разумець, як долю калектыву?”

(Валодзіна: ) “Доля разумеецца ня толькі ў сваім вэртыкальным прачытаньні – як лёс чалавека ў часе, але і ў гарызантальным: доля – частка нечага больш цэлага, што трапілася асобнаму чалавеку і знаходзіцца ва ўзаемазалежнай сувязі зь іншымі часткамі, долямі. Як апэльсін, да прыкладу, у якім адзінае цэлае складаецца з паасобных долек. Гэтак і лёс пэўнага соцыюму складаецца з доляў паасобных індывідаў. Дый у самім маўленьні доля ўспрымаецца як частка нечага цэлага: “атрымаў сваю долю спадчыны”, “унёс сваю долю ў агульныя выдаткі”. Век як “пэўны аб''ём жыцьцёвай сілы” разьмеркаваны паміж усімі складнікамі чалавечай супольнасьці”.

(Ракіцкі: ) “Выходзіць, існуе нейкі агульны запас доляў. Значыць, звонку нічога не прыходзіць, і тое, што ёсьць, нікуды не дзяваецца. Як жа выяўляецца такі прынцып у жыцьці і ў павер''ях?”

(Валодзіна: ) “У яшчэ больш архаічным разуменьні доля – гэта жыцьцёвая сіла, vіs vіtalіs, якую чалавек павінен выдаткаваць да сваёй сьмерці. З уяўленьнямі пра долю самым цесным чынам зьвязаныя паняцьці меры, адмеранасьці, вылучанасьці чагосьці пэўнага ў неабходным аб’ёме. Перш за ўсё гэта тычыцца веку – адмеранага Богам кожнаму тэрміну яго жыцьця, на працягу якога маюць быць рэалізаваныя ўсе яго патэнцыі. Як мы кажам: на мой век хопіць; зжыць свой век; перш веку не памрэш. У тых, хто памёр да часу, застаецца нерэалізаванай гэтая доля, сіла, і таму ён, праўда, ужо з засьветаў, “п''е кроў” у жывых. Дарэчы, часта адзначаецца, што тэрмін хаджэньня такіх вампіраў часта абмежаваны тэрмінам іх праўдзівай, нармальнай, адпаведна ўзросту, сьмерці. Таму матыў вампірызму, харчаваньня чужой сілай (жыцьцём, крывёю) у архаічных уяўленьнях зусім невыпадковы”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі такія ўяўленьні паўплывалі на больш будзённыя, жыцьцёвыя стэрэатыпы, паводзіны?”

(Валодзіна: ) “Разуменьне долі як сваёй часткі ў агульным цэлым складае аснову традыцыйнай этыкі, калі правільным і этычным лічыцца прыманьне сваёй долі і адпаведнасьць ёй ды цэлае яе скарыстаньне да нармальнай сьмерці. І абавязкова без захопу чужых доляў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG