Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага Інтэрнэту 7 чэрвеня


*** У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова.

Удзельнікі Адкрытага гістарычнага клюбу ( histclub.com/forums) спрабуюць вызначыць, у якой цывілізацыйнай прасторы цяпер знаходзіцца Беларусь. “Мяркую, што краіна знаходзіцца ў эўрапейскай цывілізацыйнай прасторы. А па шчырасьці, калі задумацца, то ўвесь сьвет цяпер у ёй...” – лічыць skarbnik. “Вылучаюць яшчэ ж і расейскую субцывілізацыю, якая існуе паміж Эўропай і Азіяй... – разважае kandratowic. – Я вылучаю з прастораў Эўропы падкультуру Цэнтральнай Эўропы (Польшча – цэнтар, Вугоршчына, Летува, Чэхія, Славакія, Славенія, Харватыя), якую вылучае падабенства гісторыі, культуры, этнічныя карані… і вельмі значны фактар – рэлігія, а ў гэтым рэгіёне пануе каталіцызм. Беларусь я зараз бачу пад уплывам расейшчыны. Пэрспэктывы – вяртаньне ў гэткі Цэнтральнаэўрапейскі культурна-рэлігійны рэгіён”.

На форумах TUT.by абмяркоўваюць артыкул пад загалоўкам "Кнігу Караткевіча “перапісалі”". Раман Уладзімера Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” пераклалі на расейскую мову – кніга, якую выдала расейская фірма “Амфара”, трапіла ў менскія кнігарні. У тэксьце занадта шмат перакладніцкіх недарэчнасьцяў. Напрыклад, Рыгор Гарадзенскі стаў Григорием Гродненским. Удзельнікі форуму камэнтуюць:

"Трэба ўлічыць перадавы досьвед… літаратараў пры перакладзе на беларускую сачыненьняў іхнага вялікага паэта Алеся Гармаціна (Аляксандра Пушкіна)".

"Калісьці правілы транскрыбаваньня імёнаў не выконваліся, і мы атрымалі ў спадчыну значную колькасьць імёнаў, якія маюць гэтак званы “устойлівы” варыянт перакладу. Напрыклад, генуэскі цёзка лейтэнанта Калёмбо стаў у расейскай традыцыі Хрыстафорам Калумбам, у гішпанскай – Крыстабалем Калёнам, а ўдзячныя амэрыканцы ўвогуле называюць яго Каламбусам…"

"Цікава, за якой халераю патрэбная кніга Караткевіча на расейскай за 21 (!) тысячу, калі гэтая самая кніга па-беларуску каштуе 3 (!) тысячы...?"

Блогерка Lionellia у сваім ЖЖ (lionellia.livejournal.com) піша: “Ехала на іспыт раніцай. У мэтро на станцыі зайшла бабулька – я сядзела. Саступаць не стала, бо падумала, што калі чалавек так рана кудысьці прэцца, то мусіць ведае, з чым можна сутыкнуцца ў грамадзкім транспарце. Не хапіла мне культуры саступіць месца. Потым, ідучы на факультэт, падумала: "А мо зараз лёс адыграецца на іспыце?" Але не! 9 балаў (я сама зьдзівілася). Напэўна, лёс адыграецца тады, калі я буду старэнькай бабулькай. Але я ня буду езьдзіць рана-ранёханька ў грамадзкім транспарце – выключна на таксі (Беларусь жа ўсё квітнее і квітнее)”.

Карыстальнік пад мянушкай ermoshina (ermoshina.livejournal.com) прапануе наведаць ЖЖ-суполку “Дэсаветызацыя” (by_desoviet.livejournal.com) Цяпер блогерка з калярытным нікам дзеліцца ўражаньнямі зь сябрамі іншага кам’юніці – minsk_by. “У іх ёсьць хоць нешта сьвятое? Гнюсныя гэтак званыя апазыцыянэры задумалі пераназваць палову вуліцаў у Менску пасьля іхнай гэтак званай перамогі, пра якую яны мрояць!.. Я ў шоку”. Аўтары праекту “Дэсаветызацыя” прапануюць пераназваць усе вуліцы, якія цяпер носяць імёны савецкіх партыйных дзеячаў.

Ну а _tarka_ (tarka.livejournal.com) у сваім блогу паведамляе пра дыскваліфікацыі на сёлетнім “Адборышчы”. Так, замест гурту “Водар Сусьвет”, удзельнікі якога гэтак і не аформілі свае пашпарты для выезду за мяжу, будуць выступаць берасьцейскія рэпэры "WANTED". Іхная кампазыцыя “Фон” ужо гучала ў “Начной аблозе”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG