Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Летні альбом": Хакейныя баталіі канца 60-х


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою: палітбюро, трусы сямейныя, балоньня, Сопацкі фэстываль, дзявочы сьпеўнік, чалавек-амфібія, па блату... Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фатаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.

На пераломе шасьцідзясятых-сямідзясятых гадоў самым масавым захапленьнем беларусаў, прынамсі іх мужчынскай паловы, быў хакей. Былі моманты, калі захапленьне гэтае набывала характар гістэрыі. Увэртурай масавай хакейнай гістэрыі 60-х сталі зімовыя Алімпійскія гульні 68-га году. Там, у францускім Грэноблі, савецкая лядовая дружына саступіла зь лікам 4:5 чэхаславацкай зборнай. Матч гэты трансьляваўся ўначы, але ў нашым доме мала хто спаў. Я таксама хварэў за “нашых” і таксама, разам з усім савецкім народам, хапаўся за галаву пасьля кожнага праходу Галонкі. Гэты чэскі нападнік закінуў тады шайбу і зрабіў галявую перадачу.

Пасьля матчу маскоўскія камэнтатары Мікалай Озераў ды Ян Спарэ зьмянілі тон рэпартажаў і ўжо не называлі чэхаславацкіх хакеістаў сябрамі-супернікамі. Гэтая перамога мела далекасяжныя наступствы, стаўшы, па сутнасьці, пачаткам Праскай вясны.

Наступны двубой хакейных дружын прыпаў на сакавік наступнага году. Да таго часу савецкія танкі ўжо праехаліся па Празе, і матчы з чэхамі (славакаў у простай мове ніхто ня згадваў), набывалі палітычную падкладку. Тае пары я ўжо чуў пра “Бітлз”, спрабаваў, насуперак бацькавым пагрозам, адрасьціць даўгія валасы і ўпотай хварэў за чэхаславацкую дружыну.

Першы матч у Стакгольме саветы прайгралі зь невялікім, але сухім лікам 0:2. Шайбы тады закінулі Сухі і Чэрны, і прозьвішчы гэтых хакеістаў вомігам ўвайшлі ў фальклёр. Нарадзілася показка пра алькаголіка, якая складалася з прозьвішчаў знакамітых хакеістаў. Паводле показкі, у алькаголіка “ў роце адранку было Сухі, а ўваччу Чэрны”. Пацямнела і ўваччу беларускіх заўзятараў: былых сяброў-супернікаў сталі называць фашыстамі, якія дваццаць гадоў елі наша сала, а цяпер прадаліся Захаду. Падключыліся да выкрывальніцкай кампаніі і газэты. “Советский спорт”, у прыватнасьці, абураўся тым, што на саколках чэхаславацкіх хакеістаў замест назвы сацыялістычнай Радзімы зьявіўся драпежны леў. Хаця гэта быў дзяржаўны сымбаль Чэхаславаччыны.

Наступны матч адбыўся 28 сакавіка. Чэхі зноў перамаглі зь лікам 4:3. У тым матчы дыхту давала тройка Клапач – Чэрны – Недаманскі. Апошні са згаданай тройкі закінуў пры канцы першага пэрыяду шайбу і таксама ўвайшоў у фальклёр. Якраз у сакавіку 69-га надарыўся савецка-кітайскі канфлікт на востраве Даманскі, і вострыя на язык жартаўнікі наракалі, што канчатковай перамозе камунізму замінае той самы востраў Даманскі і чэскі хакеіст Недаманскі. Шмат што забылася, выпетрылася з памяці, але ёсьць падзеі, якія засталіся там назаўсёды. І беларускія заўзятары, хто з сумам, а хто і з сорамам і дагэтуль згадваюць хакейныя баталіі канца 60-х.
XS
SM
MD
LG