Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: улада парушае Сусьветную дэклярацыю лінгвістычных правоў


Радыё Свабода, Пінск Роўна 10 гадоў таму ў Барсэлёне была прынятая Сусьветная дэклярацыя лінгвістычных правоў. У Беларусі, як даводзяць экспэрты, афіцыйная практыка вельмі часта парушае гэтую дэклярацыю. Спэцыялісты адзначаюць, што ў адукацыі, сродках масавай інфармацыі, у найноўшых тэхналёгіях й сувязі беларуская мова выціскаецца цалкам праз русыфікацыю. Пра новыя факты такіх парушэньняў паведамляе карэспандэнт "Свабоды" зь Пінску.

Да 8 чэрвеня ў перадачах мясцовай тэлевізіі Пінску гучалі конкурсныя праекты гарадзкога гімну. Паводле сябра адмысловага журы Валянціны Матузка, сталіцу беларускага Палесься ўслаўлялі толькі расейскамоўныя тэксты:

(Матузка: ) “У журы склалася меркаваньне, што горад наш – расейскамоўны. Вырашылі, што гімн на расейскай мове будзе просты й зразумелы насельніцтву”.

Нагадаем, менавіта на Піншчыне свае найлепшыя творы напісаў малады Якуб Колас, тут жыла “ластаўка Палесься” Жэня Янішчыц. Свае ўзрушаныя ўспаміны пра беларускі горад на Піне пакінуў Уладзімер Караткевіч. Ды й цяпер у суполцы Таварыства беларускай мовы называюць дзясяткі прозьвішчаў маладых беларускамоўных творцаў. Але, як кажа Ўладзімер Скварцоў, яны апынуліся па-за ўвагай арганізатараў конкурсу:

(Скварцоў: ) “Тое, што ў фінал ня трапіў ніводны тэкст на беларускай мове, сьведчыць, што ўмовы гэтага конкурсу былі загадзя вызначаныя неналежным чынам”.

Пытаньнямі культуры ў Пінску кіруе загадчык аддзелу гарвыканкаму Аляксандар Лукашэнка. Цёзка прэзыдэнта ўхіляецца ад прамога адказу наконт увагі толькі да расейскамоўнай вэрсіі гімну:

(Аляксандар Лукашэнка: ) “Ну, так атрымалася...”

(Карэспандэнт: ) “Я высьветліў, што гэта была мясцовая ініцыятыва: стварыць гімн Пінску”.

(Лукашэнка: ) “Вядома, канечне”.

Камэнтуе сытуацыю старшыня грамадзкага Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “У Пінску цяпер да беларушчыны ставяцца надзвычай адмоўна. У мясцовай уладзе адпаведна настроеныя людзі. Я, напрыклад, упершыню чую, каб нейкі рэгіён меў свой гімн. Гербы, так – гэта ідзе яшчэ ад сярэднявечча. Магдэбурскае права давала гораду герб, пячатку й самакіраваньне. Але ніякіх гімнаў і быць не магло. Нават сама назва “Гімн Пінску” – гэта сьмешна”.

Паводле старшыні ТБМ Алега Трусава, цяперашняя спроба пінскіх чыноўнікаў заснаваць расейскамоўны гімн спрадвечна беларускаму гораду зьяўляецца канкрэтным фактам парушэньня Сусьветнай дэклярацыі лінгвістычных правоў. Алег Трусаў заяўляе, што ТБМ будзе аспрэчваць хаду й вынікі мясцовага конкурсу ў заканадаўчых органах рэспублікі.

Гл.таксама • Сусьветнай дэклярацыі лінгвістычных правоў – 10 гадоў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG