Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто мае прыватныя самалёты ў Беларусі?


Ігар Карней, Менск У Міжнародную асацыяцыю ўладальнікаў самалётаў і пілётаў уваходзіць каля 60 краінаў. Абсалютныя лідэры тут — амэрыканцы: у ЗША паветранае пасьведчаньне кіроўцы ёсьць у кожнага трохсотага амэрыканца, а прыватны самалёт мае кожны тысячны грамадзянін ЗША. Такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў краінах-суседках Беларусі. Што перашкаджае беларусам у прыватным парадку асвойваць азы авіяцыі?

Прыватная авіяцыя ў Беларусі практычна адсутнічае. Выключэньне — авіяранча ў Ратамцы пад Менскам, дзе за 20 даляраў на лёгкаматорным самалёце можна зрабіць паўгадзінны палёт над ускраінай сталіцы, прэцэдэнтаў больш няма. Адмыслоўцы лічаць, што сытуацыя ня зьменіцца да таго часу, пакуль ня будзе альтэрнатывы дзяржаўнай манаполіі ва ўсёй авіягаліне.

А вось у Расеі зь яе абсягамі прыватная авіяцыя разьвіваецца надзвычай імкліва. Практычна кожны так званы “алігарх” — ад чукоцкага губэрнатара Рамана Абрамовіча да беглага мільянэра Барыса Беразоўскага — можа пахваліцца ўласным самалётам, а то і некалькімі. Прыватная авіяцыя прыйшла і ва Ўкраіну: уладальнікамі лёгкаматорных самалётаў зьяўляюцца некалькі дзясяткаў чалавек, а функцыі аэравакзалаў па ўсёй краіне выконваюць ужо 163 аб’екты. Другое жыцьцё атрымала разьвіцьцё аэраклюбаў у суседняй Літве: практычна ў кожным вялікім горадзе можна навучыцца кіраваць самалётам розных памераў. Жонка віленскага бізнэсоўца Альгердаса Бараўскаса, Ірына, расказала, што практычна на кожныя выходныя муж зьнікае на лётнішчы, бо неўзабаве зьбіраецца набыць уласны самалёт.

(Ірына: ) “Ды яны зь сябрамі кожныя выходныя лётаюць. У іх у аэрапорце свае стаянкі гэтых самалётаў, і яны на іх лётаюць”.

У Латвіі мясцовы мільянэр беларускага паходжаньня Ян Апаленіс свой першы сур’ёзны самалёт набыў яшчэ гадоў дзесяць таму — “Як-40” расейскай вытворчасьці. Адрозна ад іншых, што карыстаюцца паслугамі прафэсійных пілётаў, Апаленіс сам атрымаў паветранае пасьведчаньне кіроўцы, адпаведны “дазвол на вылет” у замежныя краіны і разам з сынам падарожнічае амаль па ўсім сьвеце — прынамсі, у той бок, дзе расейскі самалёт ня мае абмежаваньняў паводле шкодных выкідаў і шумавых нормаў. Менавіта з гэтай прычыны цяпер мільянэр нацэліўся яшчэ й на экалягічна бясьпечную амэрыканскую “Цэсну”. Дарэчы, Апаленіс лічыць, што людзі набываюць самалёт не таму, што яны шалеюць з раскошы.

(Апаленіс: ) “Колькі ў Латвіі ўладальнікаў такога кшталту уласных самалётаў? Чалавек шэсьць, я мяркую. Бачыце, у кожнага сваё хобі. У кагосьці самалёт, у кагосьці кацер, у кагосьці вельмі дарагі матацыкл. Я магу сабе дазволіць сёньня купіць практычна ўсё, што захачу. Але я не раскідваюся грашыма. А тое, што не раздаю направа й налева, па гэтым нельга меркаваць, што чалавек сквапны. Увогуле, кожны чалавек жыве так, як ён разумее”.

Прыватная авіяцыя ва ўсім сьвеце надзвычай папулярная. Бальшыня знакамітых спартоўцаў, зорак кіно й музыкі па абодва берагі Атлянтычнага акіяну маюць калі ня ўласны авіяпарк, то як мінімум лёгкаматорны самалёт ці гелікоптэр. У ЗША, прыкладам, 15 тысяч вялікіх і малых аэрапортаў і незьлічоная колькасьць аэраклюбаў. У Вялікабрытаніі бальшыня лётных клюбаў — прыватныя. У Аб’яднаным Каралеўстве — больш за 200 клюбаў і арганізацыяў у справе падрыхтоўкі пілётаў. Сотні людзей займаюцца авіяспортам у Францыі, Гішпаніі, іншых краінах Эўропы. Ня кажучы ўжо пра арабскіх шэйхаў, якія зазвычай маюць некалькі адзінак самалётаў самых прэстыжных усясьветных марак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG