Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны фэстываль “Magnificat 2006” адкрыўся ў вёсцы Ўдзела


Радыё Свабода 8 чэрвеня ў Беларусі, у вёсцы Ўдзела на Глыбоччыне, адкрыўся Міжнародны фэстываль хрысьціянскіх дакумэнтальных фільмаў і тэлевізійных праграмаў “Magnificat 2006”. Сярод ягоных арганізатараў — каталіцкі касьцёл у Беларусі, міжнародная Каталіцкая асацыяцыя “SIGNIS-Беларусь”, рэдакцыя рэлігійнага часопісу “Дыялёг”. Фэстываль духоўнага кіно праводзіцца другі год запар і праходзіць у вёсках Удзела й Мосар Глыбоцкага раёну.

Урачыстую імшу на адкрыцьцё фэстывалю ў касьцёле вёскі Ўдзела адправіў апостальскі нунцый у Беларусі Марцін Відавіч пры ўдзеле кардынала Казіміра Сьвёнтка. Таму пачатку імпрэзы чакалі й манахі-францішканцы, і мясцовыя жыхары, кажа настаяцель кляштару Міраслаў Капчэўскі.

(Капчэўскі: ) “Для людзей гэта вельмі цікава — з розных краінаў прыяжджаюць рэжысэры. Адзінае, ведаеце, як у вёсцы — людзі крыху занятыя. І каб прыняць удзел ва ўсіх гэтых імпрэзах, дык крыху й цяжкавата. Але на адкрыцьцё зьбіраецца шмат людзей”.

Вёска Ўдзела абрана для пачатку ўрачыстасьцяў невыпадкова: тут працаваў сьвятар-асьветнік Максіміліян Кольбэ, які жыў і ў мястэчку Непакалянаў у Польшчы. Цяпер там манахі-францішканцы праводзяцца свой фэстываль хрысьціянскага кіно, кажа пісьменьніца Хрысьціна Лялько, якая ў журы конкурсу.

(Лялько: ) “Пад знакам сьвятога Максіміліяна Кольбэ фэстываль хрысьціянскага кіно праходзіць ў Польшчы. Ну й наш фэстываль — я лічу, што ён таксама перагукаецца з тым фэстывалем”.

Арганізатары заяўляюць, што конкурс адкрыты для ўдзелу прадстаўнікоў усіх канфэсіяў. Да прыкладу, сёлета, як і мінулым годам, дакумэнтальную стужку прапанавала інфармацыйнае агенцтва Беларускай праваслаўнай царквы, такія беларускія рэжысэры, як Уладзімер Бокун і Станіслаў Гайдук.

Разам удзел бяруць 30 дакумэнтальных кінастужак і тэлепраграмаў з 9 краінаў сьвету. Гэта больш, чым летась, а таму праблема ўладкаваньня ўдзельнікаў і гасьцей сьвята стаіць яшчэ вастрэй, кажа старшыня аргкамітэту Юры Гурулёў.

(Гурулёў: ) “Канечне, цяпер галоўная для нас задача — гэта гатэль. Гэта жахлівы, жахлівы тормаз у працы гэтага фэстывалю. Таму я ўжо, каб ня крыўдзіць кіраўнікоў гэтага Глыбоцкага раёну, сказаў, што буду ўсюды казаць, што патрэбны новы гатэль. А яны кажуць: “Кажы”.

Паводле спадара Гурулёва, конкурсныя кінапрагляды, а таксама помныя імпрэзы ў гонар Яна Паўла ІІ пройдуць у вёсцы Мосар і раённым цэнтры Глыбокае. А па завяршэньні фэстывалю кінастужкі плянуецца паказаць ў касьцёлах і кінатэатрах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG