Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі – аб правах сэксуальных меншасьцяў


Радыё Свабода, Менск Летась падчас абмеркаваньня ў Палаце прадстаўнікоў прэзыдэнцкага дэкрэту “Аб некаторых мерах дзеля процідзеяньня гандлю людзьмі” дэпутат Віктар Кучынскі выступіў за вяртаньне крымінальнага перасьледу гомасэксуалістаў. Як ставяцца палітыкі ў Беларусі да праблемы правоў сэксуальных меншасьцяў?

Тады ў адказ на заклікі дэпутата Віктара Кучынскага міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў сказаў, што праваахоўныя органы “пакуль не сутыкаліся з фактамі гвалтоўных дзеяньняў адносна мужчынаў”.

Паводле дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна, праблему раўнапраўя сэксуальных меншасьцяў у Палаце прадстаўнікоў ніхто не падымаў. Сам Касьцян катэгарычна супраць такога раўнапраўя:

(Касьцян: ) “Гэта не па-хрысьціянску, гэта адступленьне ад тых чалавечых паводзінаў, якія закладзеныя прыродай і Госпадам Богам. Гэта гвалт над чалавечай прыродай — і ня што іншае”.

Спадар Касьцян не выключае, што аднаполы сэкс у Беларусі ёсьць. Што ж рабіць з гэтай зьявай?

(Касьцян: ) “Трэба гэтых людзей выяўляць і лячыць іх. Лячыць іх псыхалягічна, лячыць пры дапамозе дактароў. Але гэта — хворыя людзі. Ім трэба дапамагаць, трэба іх лячыць”.

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі не пацьвердзіў інфармацыі пра тое, што ліга сэксуальных меншасьцяў падавала дакумэнты на рэгістрацыю арганізацыі. Ад камэнтароў ён адмовіўся.

Актывіст БСДП (Грамада) Уладзімер Нісьцюк не пагаджаецца зь Сяргеем Касьцянам, што прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў трэба лячыць.

(Нісьцюк: ) “Няхай гэты дэпутат паглядзіць усе артыкулы Канстытуцыі. Я думаю, што 35-ты артыкул прадугледжвае, што прымусовае лячэньне чалавека забаронена ў нашай краіне.

Ня гэтаму дэпутату вызначаць — гэта захворваньне ці не захворваньне. Пытаньне ў іншым: калі гэта не наносіць шкоды грамадзтву і іншым людзям, яно не павінна быць забаронена. Але калі няма роўнасьці правоў ва ўсіх грамадзянаў Беларусі, то што казаць пра нейкую меншасьць? Змагацца трэба за гэтыя правы. Ёсьць Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка адносна раўнапраўя сэксуальных меншасьцяў сказаў:

(Вячорка: ) “Усё павінна быць паводле закону й Канстытуцыі. Гэта азначае, што Канстытуцыя гарантуе грамадзянам роўныя правы. Усё”.

Сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня “Жаночы незалежны дэмакратычны рух” Людміла Пеціна заявіла:

(Пеціна: ) “Я — за правы чалавека, у тым ліку і сэксуальных меншасьцяў. Гэтае пытаньне ў нас мала абмяркоўвалі. Безумоўна, у грамадзтве ёсьць такая насьцярога, і гэта зьвязана зь мінулымі гадамі. Мы проста мусім, як і ўсе цывілізаваныя краіны, адкрыта весьці дыялёг на гэтыя тэмы. Проста пра гэта трэба адкрыта гаварыць, весьці дыскусіі й мяняць стаўленьне грамадзтва да гэтай праблемы”.

Гл.таксама • Поўны тэкст онлайн-канфэрэнцыі з Сяргеем Тарпачовым, лідэрам лігі сэксуальнага раўнапраўя "Лямбда"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG