Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адкрываецца Міжнародны фэстываль хрысьціянскіх фільмаў


Радыё Свабода Сёньня ў вёсцы Ўдзела Глыбоцкага раёна распачынаецца Міжнародны фэстываль хрысьціянскіх дакумэнтальных фільмаў і тэлевізійных праграм «MAGNIFICAT 2006». Сьвята духоўнага кіно заснаванае й праводзіцца пад кіраўніцтвам каталіцкага касьцёлу ў Беларусі й адбудзецца другі год запар. Конкурсныя прагляды ды імпрэзы ў гонар Яна Паўла ІІ пройдуць таксама ў вёсцы Мосар і іншых месцах Віцебшчыны. Сёлетні фэстываль адзначаны павелічэньнем колькасьці краінаў-удзельніцаў і конкурсных кінастужак.

Сьвята кіно распачнецца ўрачыстым набажэнствам у вёсцы Ўдзела, у мясцовым кляштары манахаў-францішканаў. Месца правядзеньня арганізатарамі выбрана не выпадкова: аналягічны фэстываль праводзіцца ў гэткім жа мястэчку Непакалянаў у Польшчы, кажа старшыня аргкамітэту Юры Гарулёў.

(Гарулёў: ) “Гэты фэстываль павінны праводзіцца там, у глыбінцы, бо ёсьць Мосар – такі беларускі Вэрсаль у вёсцы. Гэта па-першае, а па-другое – гэта ж наш беларускі “Непакалянаў” там, у вёсцы Ўдзела”.

Паводле спадара Гарулёва, гэта, аднак, складае й цяжкасьці. А менавіта – праблему пражываньня ў Глыбоцкім гатэлі для шматлікіх удзельнікаў і гасьцей імпрэзы. Сёлета яны прыедуць зь дзевяці краінаў сьвету, у тым ліку Францыі, Канады, Чэхіі й іншых. Усяго на конкурс прапанавана 30 работ у намінацыі дакумэнтальных фільмаў і тэлевізійных праграм. Сёлетнія кінастужкі нават мелі папярэдні адбор, кажа спадар Гарулёў.

(Гарулёў: ) “У мінулым годзе мы прымалі ўсіх, хто жадаў браць удзел. Сёлета мы выбіралі стужкі паводле высокіх мастацкіх якасьцяў. І перавага была за фільмамі, якія зьвяртаюцца да асобаў у нашым жыцьці, да характару чалавека”.

Гаварыў старшыня аргкамітэту Юры Гарулёў. У фэстывалі хрысьціянскага кіно ад Беларусі ўдзельнічае фільм Уладзімера Бокуна з сэрыі “Лёс чалавека”, Станіслава Гайдука “Пад крылом анёла” ды іншыя. І хоць гэтая традыцыя ў Беларусі яшчэ распачынаецца, можна рабіць выснову, што фэстываль ёсьць ня толькі творчым спаборніцтвам, кажа старшыня журы, пісьменьніца Крысьціна Лялько.

(Лялько: ) “Тое, што гэта ўнёсак у нашую духоўнасьць, у разьвіцьцё гэтай духоўнасьці, то гэта адназначна. У гэтым фэстываль і мае сваё значэньне”.

Гаварыла Крысьціна Лялько. Арганізатары Міжнароднага фэстывалю духоўнага кіно яшчэ ў мінулым годзе плянавалі паказаць конкурсныя работы ў касьцёлах і кінатэатрах Беларусі. Гэтага зрабіць не ўдалося, але яны не пакідаюць спадзяваньняў зрэалізаваць задуму сёлета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG