Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Торнат: "Лукашэнка працягвае трымаць прэсу ў жалезных абцугах"


Сяргей Навумчык, Прага У Маскве адбываецца 59-ты Ўсясьветны газэтны кангрэс, у якім бяруць удзел сотні рэдактараў са шмат якіх краінаў сьвету. У панядзелак на кангрэсе выступіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. У ягонай прысутнасьці кіраўнік Усясьветнай газэтнай асацыяцыі Гэвін О’Рэллі скрытыкаваў Расею за наступ на свабоду слова. Удзельнікі кангрэсу выступілі з адмысловай заявай, у якой асудзілі наступ на свабоду слова ў Беларусі.

На Кангрэсе прысутнічае тысяча семсот дэлегатаў, а сама асацыяцыя аб’ядноўвае звыш 18-ці тысячаў выданьняў з 73-х краінаў сьвету. Наш маскоўскі карэспандэнт запытаўся ў прэсавай сакратаркі Асацыяцыі Кайзы Торнат, у якіх яшчэ краінах зь ліку былых савецкіх рэспублік ёсьць парушэньне свабоды прэсы?

(Торнат: ) "Беларусь – гэта краіна, сытуацыя ў якой нас найбольш хвалюе, асабліва пасьля масавай забароны газэт пад час сакавіцкіх выбараў. Альбо высяленьне рэдакцыі газэты з памяшканьня на той падставе, што яе рэдактар быў затрыманы пад час масавых пратэстаў. Ёсьць выпадкі дыскрымінацыі замежных журналістаў. Напрыклад, пяці польскім журналістам, якія хацелі наведаць Беларусь у сувязі з 20-годзьдзем Чарнобыля, адмовілі ва ўезьдзе на мяжы.

Другая краіна – Туркмэністан, дзе наогул няма ніякай свабоднай прэсы. Альбо Ўзбэкістан з паўстаньнем у Андыжане леташняй вясной, дзе сытуацыя была дрэннай. А цяпер зрабілася яшчэ горшай".

У чым палягаў пратэст адносна парушэньня правоў прэсы ў Кітаі, Эрытрэі і Беларусі?

(Торнат: ) "Гэты пратэст быў выказаны ад імя выдаўцоў і рэдактараў шмат якіх газэтаў сьвету. Мы грунтаваліся на факце даўгачасовай забароны газэт у Беларусі і разуменьні таго, што сытуацыя не паляпшаецца. Прэзыдэнт Лукашэнка працягвае трымаць прэсу ў жалезных абцугах, каб прымусіць замаўчаць кожны крытычны ў ягоны бок голас".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG