Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Аўтуховіча ўпершыню не прывезьлі з турмы ў суд з увагі на стан здароўя


Радыё Свабода Сёньня ў Горадні не адбылося судовае паседжаньне ў крымінальнай справе прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Судзьдзя Мікалай Рачынскі зачытаў даведку ад турэмнага мэдыка, у якой гаварылася, што падсудны Аўтуховіч ня можа браць удзелу ў працэсе з увагі на стан здароўя, і ён будзе шпіталізаваны. Самога Аўтуховіча ў суд не прывозілі. Сёньня ў краіне пачынаецца рух у падтрымку падсуднага прадпрымальніка, які абвясьціў галадоўку за кратамі.

Працяг працэсу прызначаны на чацьвер, аднак адвакатка Аўтуховіча Галіна Іванова пакуль ня ведае, ці будзе ён у ім удзельнічаць. Паводле яе, суд павінен будзе атрымаць афіцыйную паперу з турмы, каб ведаць, як дзейнічаць надалей — працягваць слуханьні ці прыпыніць працэс.

Тым часам сёньня ў турму №1 у Горадні накіраваны ліст з подпісамі жыхароў Ваўкавыску, якія просяць Мікалая Аўтуховіча спыніць галадоўку. Яны пішуць, што зь непакоем успрынялі зьвесткі аб тым, што здароўе галадоўніка рэзка пагоршылася. Вытрымку зь ліста зачытвае Ўладзімер Асіпенка, калега Мікалая Аўтуховіча:

(Асіпенка: ) “Улічваючы ваш нязломны характар, мы разумеем, што разьвязка будзе трагічнай, мы ведаем, што вы не вінаваты. Вы больш за тры гады ведзяце барацьбу з карупцыяй. Толькі адзін гэты факт гаворыць шмат пра што. Гледзячы на вас, людзі пачынаюць верыць у тое, што можна і трэба змагацца за свае правы, што ня кожнага можна зламаць і растаптаць”.

Ліст падпісалі 164 чалавекі, сярод іх сябры Мікалая Аўтуховіча, кіроўцы ягоных таксовак, проста гараджане. Яны просяць яго спыніць галадоўку і захаваць жыцьцё.

Праваабарончы рух “Наша Беларусь” распачаў кампанію падтрымкі Мікалая Аўтуховіча. Першая мэта — уратаваць яму жыцьцё, на імя судзьдзі Мікалая Рачынскага пачалі накіроўваць лісты з просьбай далучыць іх да справы. Другое — лісты ў пракуратуру Беларусі. Каардынатар руху Ігар Леднік мяркуе, што ў выпадку Мікалая Аўтуховіча да крымінальнай адказнасьці незаконна прыцягнуты невінаваты чалавек.

(Леднік: ) “Першыя 120 подпісаў даслалі ў пракуратуру працаўнікі рынку будаўнічых матэрыялаў у Ждановічах, затым тыя, хто займаецца радыётэхнікай. Пайшла падтрымка з рэгіёнаў, мы будзем гэтыя зьвесткі зьбіраць”.

Ігар Леднік зазначае, што подпісы да лістоў у пракуратуру зьбіраюць сёньня ў Барысаве, Салігорску, Лепелі.

Мікалай Аўтуховіч абвясьціў галадоўку 13 красавіка, калі яго паўторна ўзялі пад варту. На мінулым тыдні ён двойчы траціў прытомнасьць, і яму ставілі ў турэмнай мэдчасьці кропельніцу.

Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць у тым, што ён не заплаціў усіх падаткаў, і гэта пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Ён віны не прызнае, зазначае, што працаваў адкрыта, усю выручку ад работы ягоных таксовак у Ваўкавыску здаваў у банк. Яго абвінавачваюць, што ён не стварыў фірму таксі, а дзейнічаў па іншай схеме. Суму незаплачаных падаткаў яму налічылі, зыходзячы з таго, колькі яму неабходна было плаціць у выпадку, калі б ён стварыў такую фірму. Яму пагражае абмежаваньне свабоды (“хімія”) альбо да сямі гадоў зьняволеньня й канфіскацыя маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG