Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Аўген Калубовіч


Уладзімер Арлоў, Менск 5.3.1912, в.Ціхінічы (цяпер Рагачоўскі раён) – 25.5.1987, Кліўленд, ЗША

Ці ведаеце вы, што абрэвіятура БССР мае прынамсі яшчэ адну расшыфроўку – Будуйце Самі Сваё Рабства? Гэтак прачыталі яе некалькі беларускіх інтэлігентаў, што чакалі вырашэньня свайго лёсу ў камэры менскай турмы НКВД. Сярод іх быў і 20-гадовы выпускнік пэдагагічнага тэхнікуму Аўген Калубовіч.

У вольны ад допытаў час вязьні працягвалі крамольныя практыкаваньні, складаючы “канстытуцыю” рэспублікі. “Ганаровае права мець грамадзянства БССР належыць дзьвюм катэгорыям жыхароў: тым, хто ўжо арыштаваны, і тым, хто будзе арыштаваны. Дзяржава ўрачыста гарантуе: права на працу – у вынайдзеных Леніным і Сталінам канцлягерах; права на адпачынак – у спэцыяльна абсталяваных дамох адпачынку, якія капіталістычная прапаганда называе турмамі; права на сьмерць – ад кулі ў патыліцу...”

Ішоў не 1937-ы, а “ўсяго” 1930-ы. Таму Аўген атрымаў толькі тры гады Сыбіры, а вярнуўшыся ў Менск, пасьпеў скончыць пэдінстытут і нават працягнуць у наркамаце асьветы сваю пачатую ў ГУЛАГу працоўную біяграфію.

У гады нямецкай акупацыі ён апынуўся з тымі, хто спрабаваў выкарыстаць новыя варункі дзеля будучыні незалежнай Беларусі. Калубовіч быў старшынём Беларускага культурнага згуртаваньня, выступаў з асноўным рэфэратам на Другім Усебеларускім кангрэсе, які пацьвердзіў вернасьць ідэалам 25 сакавіка 1918 году.

На эміграцыі ён выкладаў у гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне, уваходзіў у склад Рады БНР, стварыў Беларускую нацыянал-дэмакратычную партыю. Калубовіч – знаны дасьледнік беларускай мінуўшчыны, мовы й літаратуры. Ён стаў пачынальнікам вывучэньня гісторыі нашай эміграцыі, вылучыўшы восем яе хваляў. Пяру Калубовіча належаць апублікаваныя на эміграцыі кнігі “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”, “Айцы БССР і іхны лёс”, “На крыжовай дарозе”. (Апошняя была перавыдадзеная ў 1994-м у Менску. Тамсама на год раней выйшаў зборнік твораў А.Калубовіча “Крокі гісторыі”). Выданьні спадара Аўгена я з радасьцю пабачыў у публічнай бібліятэцы Кліўленду, штат Агаё. Жыхаром гэтага амэрыканскага гораду ён доўгі час быў, а потым знайшоў свой апошні прыстанак на мясцовым беларускім нэкропалі, адышоўшы ў лепшы сьвет грамадзянінам БНР.
XS
SM
MD
LG