Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня пра Лукашэнку становіцца гітом у Польшчы (фота)


Аляксей Дзікавіцікі, Варшава У Польшчы, сярод прыхільнікаў рок-гурту "Біг Цыц" гітом становіцца песьня з новага альбому каманды, якая мае назоў "Дыктатар". Акрамя польскамоўнай вэрсіі гэтай песьні ёсьць таксама беларускамоўная вэрсія – гэта першы твор, які гэты папулярны польскі гурт выканаў на іншай мове за ўсю гісторыю свайго існаваньня – а сёлета музыкі выдалі ўжо свой 14-ты альбом. Вакаліст і бас-гітарыст гурту Джэй Джэй, які знаходзіцца цяпер у гастрольным туры, даў інтэрвію варшаўскаму карэспандэнту Радыё Свабода.

"Біг Цыц" вядомы сваімі сатырычнымі тэкстамі, дзе музыкі не шкадуюць нікога – высьмейваюць польскіх палітыкаў ды ўсемагчымыя забабоны. Адкуль узялася ідэя напісаць песьню пра палітыка беларускага?

Джэй Джэй кажа, што музыкі адчувалі патрэбу неяк дапамагчы тым беларусам, якія падтрымлівалі кандыдата ад дэмакратычных сілаў, таму перад выбарамі напісалі песьню "Дыктатар" і запісалі яе таксама па-беларуску:

(Джэй Джэй: ) "Мы заўсёды стараліся рэагаваць на палітычную сытуацыю, дапамагаць тым, каго перасьледуюць. У нашых тэкстах шмат палітычнай сатыры, і калі мы даведаліся, што робіцца ў Беларусі напярэдадні выбараў, дык вырашылі, што абавязкова трэба напісаць такую песьню.

Гэта таксама знак падтрымкі ад усёй рок-супольнасьці Польшчы, бо мы ведаем, што такое дыктатура – самі жылі ў ПНР. І ведаем, што падтрымка з-за мяжы, асабліва з суседніх краінаў, вельмі важная. Беларуская апазыцыя пакуль недастаткова моцная, можа гэтая песьня дадасьць яе прадстаўнікам упэўненасьці. Гэта першая песьня, якую мы запісалі на замежнай мове – па-беларуску".

Джэй Джэй сьпявае па-беларуску зь вельмі добрым вымаўленьнем. Ён кажа, што мусіў прайсьці "хуткі курс беларускай мовы, дзе вымаўленьне хаця нярэдка і падобнае да польскага, мае шмат адрозьненьняў і складанасьцяў".

(Джэй Джэй: ) "Песьню нам пераклала вядомая беларуская паэтка, якая хаваецца пад псэўданімам "Маці-радзіма", бо мы беларускай мовы ня ведаем. Яна ж была і ў часе запісу, папраўляла мяне, каб усё было правільна вымаўлена, каб быў як найменшы акцэнт, бо перакласьці гэта яшчэ не значыць добра засьпяваць. Але кажуць, што беларусы словы разумеюць, так што я тым больш цешуся".

Песьня “Дыктатар” – абавязкова выконваецца на канцэртах. Джэй Джэй кажа, што прыхільнікі гурту прыймаюць яе вельмі добра.

(Джэй Джэй: ) “Гэта жалезны пункт нашай праграмы. Перад выкананьнем гэтай песьні мы заўсёды кажам, што гэтая песьня была напісаная, каб падтрымаць беларусаў, і слухачы вельмі добра ўспрымаюць яе. Ужо нават пачалі сьпяваць разам з намі прыпеў на канцэртах, так што адна з нашых мэтаў – падтрымаць цікаўнасьць да Беларусі – дасягнутая”

Музыкі гурту "Біг Цыц" упэўненыя, што музыка, гэта моцная зброя ў барацьбе супраць кожнай дыктатуры:

(Джэй Джэй: ) "Я лічу, што музыка была ёсьць і будзе галоўнай зброяй у барацьбе супраць дыктатуры. Вада камень па кроплі точыць. Гісторыя ў былой Чэхаславаччыне, Польшчы, Вугоршчыне паказала, што рок-гурты дапамагалі перамагчы дыктатараў. У вас ёсьць таксама добрыя гурты, і я спадзяюся, што таксама і пры іх дапамозе ваша краіна будзе хутка вольнай".

Напрыканцы нашай рамовы я запытаўся Джэй Джэя, ці хацеў бы ягоны гурт выступіць у Беларусі?

(Джэй Джэй: ) "Мы б вельмі хацелі, але пакуль, хіба, гэта немагчыма – нас хіба і не пусьцяць у Беларусь. Але мы гралі для беларусаў у Варшаве на дзень салідарнасьці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Было супэр. Спадзяюся, што пасьля пераменаў мы ўсёж паедзем у Менск і там зайграем і спадзяюся, што здарыцца гэта хутка".

Гл.таксама • bigcyc.pl -- афіцыйны сайт гурту

Іншыя перадачы "Начной Свабоды":

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG