Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад чаго памёр польскі віцэ-консул па-ранейшаму няясна


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сьледчыя беластоцкай пракуратуры хочуць даглядзець гарадзенскую кватэру, у якой напрыканцы сакавіка быў знойдзены ў непрытомным стане з ўнутрычарапным кровападцёкам намесьнік польскага консула ў Горадні Рышард Бадонь-Легр. Празь некалькі дзён, перавезены на радзіму дыплямат памёр.

У Рышарда Бадонь-Легра беластоцкія лекары знайшлі апёкі і ўнутрычарапны кровападцёк і паінфармавалі аб гэтым пракуратуру, бо ў такой сытуацыі нельга выключыць, што дыплямат быў зьбіты – пракуратура адразу распачала крымінальнае сьледзтва ў гэтай справе. Сьледчыя не выключалі, што апёкі на целе памерлага дыплямата маглі паўстаць у выніку ўдару электрашокерам.

Але з папярэдняй справаздачы лекараў, якую атрымала пракуратура, нельга было адназначна сьцьвердзіць, ці пашкоджаньні чэрапу консула паўсталі ў выніку “ўдару цьвёрдым прадметам” ці ў выніку таго, што ён папросту ўпаў. Было вырашана правесьці анатаміраваньне.

Пасьля некалькіх тыдняў працы экспэртаў, яны, як паінфармавала сёньня беластоцкая пракуратура, надалей ня ў стане адказаць адназначна, якім чынам дайшло да сур''ёзных пашкоджаньняў цела памерлага дыплямата.

Экспэрты лічаць, што ўнутрычарапны кровападцёк мог паўстаць як ў выніку таго, што консул упаў на падлогу, так і ў выніку зьбіцьця.

Каб спраўдзіць гэтыя вэрсіі, сьледчыя беластоцкай пракуратуры маюць намер наведаць кватэру ў Горадні, у якой жыў Рышард Бадонь-Легр.
XS
SM
MD
LG