Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага Інтэрнэту


Дзьмітры Падбярэзскі, Менск Беларускае сеціва бярэ ў аблогу Дзьмітры Падбярэзскі.

У сёньняшняй электроннай рассылцы “Анонсы” агенцтва “Інтэрфакс” у Беларусі можна прачытаць наступнае: “1 траўня [менавіта так у арыгінале], у чацьверг у Беларусі чакаюцца наступныя падзеі: Міжнародны дзень абароны дзяцей; Узнясеньне Гасподне паводле календара праваслаўнай канфэсіі”…

На форумах tut.by абмяркоўваць навіну пра тое, што міліцыя ў Менску пачала актыўна затрымліваць бабулек, якія гандлююць ландышамі. Нехта drugaja мяркуе гэтак: “Мне куды больш шкада ландышаў, чым бабулек, якія сёньня галасуюць за стабільнасьць і сваю шчасьлівую забясьпечаную старасьць, а заўтра: "прабач, мілок, на хлеб не хапае". Я хачу, каб мае дзеці мелі ўяўленьне пра тое, што такое ландышы, і маглі ўбачыць іх у лесе, а не на карцінцы”.

"Басовішча-2006": адбор распачаты! На сайце “Тузін Гітоў” (music.fromby.net) распачаўся інтэрнэт-адбор удзельнікаў конкурснай часткі гэтага фэстывалю. Як і летась, наведнікам прапануецца прагаласаваць за найбольш упадабаны малады гурт. Тая каманда, якая пабярэ найбольшую колькасьць галасоў, паедзе ў Гарадок. Галасаваньне пачынаецца 30 траўня і сканчаецца 8 чэрвеня.

На партале www.bel.biz сёньня адзначаюць гадавіну ягонага існаваньня. Віншуем! Сярод іншага тут можна даведацца, са спасылкай на naviny.by, што 16-18 чэрвеня ў Менску пройдзе першы ва Ўсходняй Эўропе фэстывальны паказ фільмаў, зьнятых мабільнымі тэлефонамі. У праграме паказу кароткія фільмы, што бралі ўдзел у спэцыяльным разьдзеле Бэрлінскага кінафэстывалю, работы мабільных рэжысэраў з краінаў Эўропы, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі ды Аўстраліі. Фэстываль адбудзецца ў сталічным Доме кіно”.

У ЖЖ нехта пад нікам angry_barvisal заклікае дапамагчы францускаму народу з прычыны вулічных беспарадкаў у гарадах гэтай краіны: “Можа ім пашлём гуманітарную дапамогу нашымі меліцыанэрчэгамі, каб шпану на вуліцах разганялі, а то іхняя паліцыя надта па-добраму да іх ставіцца. А нашая як-ніяк на сваіх гэтак нацкаваная, так да чужых яшчэ "лепш" паставіцца. У той жа час у кнігу рэкордаў Гінэса трапім як першая краіна, якая выслала гуманітарку супрацоўнікамі МУС” …

На сайце forum.vitebsk.by наведнікі вызначаюць рэйтынг канцэртаў фэстывалю “Славянскі базар” гэтага году. Фрагмэнтарна на сёньняшні дзень ён выглядае так: Ала Пугачова — 0 галасоў, Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песьні, дзень 2-і — 2 галасы, “Зоркі рускага шансону” — 6, буду бадзяцца па горадзе, выпіваць і закусваць — 10 галасоў.

Дасылайце нам свае лінкі й ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.

***

"Начная аБЛОГа" – частка новай праграмы "Начная Свабода". Гл. mp3-аўдыё і выбраныя тэксты "Начной Свабоды"
XS
SM
MD
LG