Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок мабільніка можа быць палітычным пратэстам


Радыё Свабода У розных краінах сьвету разьвіцьцё поліфаніі ў мабільных тэлефонах выклікала жаданьне ўжыць руцінныя сыгналы, што паведамляюць пра ўваходзячыя тэлефанаваньні, для палітычных мэтаў альбо нават для пратэсту – адзінкавага, а часам -- і масавага.

Нядаўна ў Багдадзе была прыпыненая праца ірацкага парлямэнту, калі ў аднаго з дэпутатаў загучаў мабільны тэлефон, што іграў шыіцкі мусульманскі гімн. Дэпутатам-сунітам гэта не спадабалася, і сьпікер загадаў ўсім выключыць тэлефоны. У свой час у Іраку былі папулярныя тэлефонныя званкі з голасам былога дыктатара Садама Хусэйна. У кулюарах парлямэнту Малдовы тэлефонныя званкі таксама часам маюць палітычны сэнс.

Напрыклад, гукі румынскага гімну абіраюць для сваіх мабільнікаў тыя дэпутаты, якія выступаюць за больш шчыльныя адносіны Кішынёва з Бухарэстам. Тыя ж, хто мае прамаскоўскую арыентацыю, ставяць на свой мабільнік гімн былога СССР, а цяпер Расеі. Званкі мабільных тэлефонаў удала выкарыстоўваюцца і для выказваньня палітычнага пратэсту шараговымі грамадзянамі. На мінулым тыдні амэрыканскі рок-гурт ‘They Might Be Giants’ разьмясьціў свой новы твор – званок для мабільніка -- на інтэрнэт-сайце, адкуль яго маглі скапіяваць тысячы і мільёны людзей.

Званок нагадвае, што тэлефонная размова нібыта запісваецца Нацыянальнай службай бясьпекі ЗША, якая абмежавала правы грамадзян у сувязі з вайной з тэрорам. Фактычна гэта пратэст супраць агенцтва, якое, як нядаўна высьветлілася, фіксавала тэлефанаваньні грамадзян без адпаведнага судовага рашэньня. Гэтак жа ў тэлефонных званках высьмейвалася роля міністра надзвычайных сытуацыяў ЗША Майкла Браўна, які быў звольнены за няўдалую працу па ліквідацыі наступстваў урагана Катрына, але якога хваліў прэзыдэнт Буш. Словы Буша і фальклёрная песьня і былі выкарыстаныя ў палітычным званку. У ЗША паўстала цэлая сетка актывістаў, якія выкарыстоўваюць званкі ў палітычных і грамадзянскіх мэтах – MobileActive. Гэтая група шмат узяла з досьведу Філіпінаў, дзе людзі нават выходзілі на масавую дэманстрацыю, у часе якой у тэлефонах ва ўсіх адначасова гучэла адна і тая ж “палітычная мэлёдыя”. У адным са званкоў выкарыстаная нелегальна запісаная фраза з размовы філіпінскага прэзыдэнта з прадстаўніком мясцовага ЦВК, у якога прэзыдэнт пытаецца, ці будзе яна мець на выбарах на мільён галасоў больш, чым яе апанэнт. Дарэчы, гэтую музычна апрацаваную фразу на Філіпінах скапіявалі сабе ў мабільныя тэлефоны як раз мільён чалавек.

Размовы Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай на падобную тэму пакуль не гучаць у мабільных тэлефонах беларускіх выбарцаў. Аднак у Беларусі многія, хто хоча выказаць палітычны пратэст, ставяць на свой тэлефон песьні забароненых музычных гуртоў. А тэлефон Сяргея Калякіна не раз спыняў гарачыя дыскусіі нацыяналістаў і лібэралаў пад час апазыцыйных нарад, бо лідэр ПКБ для свайго тэлефона абраў гімн СССР.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG