Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую апазыцыю прынялі ў нямецкім МЗС і Бундэсканцылярыі


Радыё Свабода Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, шэф-рэдактар недзяржаўнай газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна, праваабаронцы Гары Паганяйла й Алесь Бяляцкі, грамадзкі дзеяч Аляксандар Рухля былі прынятыя ў міністэрстве замежных справаў Нямеччыны дзяржаўным фэдэральным міністрам Гернатам Эрлерам і ў Бундэсканцылярыі кіраўнікам дэпартамэнту замежнай палітыкі Крыстафам Хойзгенам.

Пра свае ўражаньні гаворыць з Бэрліна ўдзельніца беларускай дэлегацыі журналістка Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Што мяне прыемна ўразіла, што ўсе нашыя суразмоўцы валодаюць сытуацыяй у Беларусі. Першае, што цікавіла нямецкі бок, гэта тое, што можа зрабіць Нямеччына, Эўразьвяз, ці патрэбная нейкая стратэгія адносна Беларусі — альбо адпаведных захадаў ужо дасткова. Другі момант, які цікавіць нямецкі бок, гэта магчымы верасьнёўскі рэфэрэндум аб стварэньні саюзнай дзяржавы. Мы вельмі шмат абмяркоўвалі гэтае пытаньне, наколькі гэта верагодна.

Вялікае ўражаньне на мяне ў рамках гэтай гасьцявой праграмы зрабіла наведваньне турмы колішняй гэдээраўскай спэцслужбы — штазі. Удзельнікі нашай дэлегацыі — Анатоль Лябедзька, які сядзеў у беларускіх турмах, і Гары Паганяйла, які прайшоў гэтыя турмы як адвакат, і Алесь Бяляцкі — правабаронца. Мы былі вельмі зьдзіўленыя, што цяперашнія ўмовы ў беларускіх турмах значна горшыя за тыя, якія былі ў ізалятарах штазі”.

Сёньня позна ўвечары беларуская дэлегацыя сустракаецца з дэпутатамі Бундэстагу — Утай Цапф, Мары-Люізай Бэк ды іншымі. Заўтра беларускія госьці паедуць у Ляйпцыг, дзе азнаёмяцца з досьведам трансфармацыйных працэсаў у колішняй ГДР, сустрэнуцца з удзельнікамі мірнай рэвалюцыі 1989 году. Прадстаўнікоў Беларусі запрасілі ў Нямеччыну дзеля вывучэньня досьведу дэмакратычных пераўтварэньняў ва Ўсходняй Нямеччыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG