Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады забаранілі хросны ход з Украіны ў Расею празь Беларусь


Радыё Свабода, Берасьце Каля пяцідзесяці ўдзельнікаў шэсьця, якое пачалося 2 красавіка ў Адэсе і мусіць скончыцца ў падмаскоўным Сергіевым Пасадзе, ня здолелі трапіць у Беларусь.

На беларуска-ўкраінскім пераходзе “Макраны” ў Маларыцкім раёне падчас праходжаньня пашпартнага кантролю ўдзельнікаў хроснага ходу сустракалі ўзброеныя супрацоўнікі міліцыі, якіх выклікалі на загад міграцыйнай службы.

Праваслаўным вернікам паведамілі, што шэсьце ня ўзгодненае зь мясцовымі ўладамі й Беларускай праваслаўнай царквой. Акрамя таго, арганізатарамі хроснага ходу ў межах Беларусі нібыта могуць быць толькі грамадзяне Беларусі. Пасьля гэтага вернікам загадалі вярнуцца на тэрыторыю Ўкраіны.

Арганізатар хроснага ходу Юры Шышкоў зьдзіўлены заявай беларускіх уладаў, што ладзіць падобныя шэсьці могуць толькі грамадзяне гэтай краіны. Паводле словаў спадара Шышкова, цяпер хросны ход працягваецца на ўкраінскай тэрыторыі, што знаходзіцца побач зь Беларусью, і калі будзе атрыманы адпаведны дазвол, вернікі ў любы момант гатовыя перасячы мяжу. У іншым выпадку ўдзельнікі шэсьця зьбіраюцца скарыстацца транспартам, каб праехаць Беларусь транзытам і працягнуць хросны ход у Расеі.

Юры Шышкоў таксама паведаміў, што ўдзельнікі шэсьця падтрымліваюць дзейнасьць Аляксандра Лукашэнкі, але цяперашнія захады беларускіх уладаў прымушаюць вернікаў перагледзець свае погляды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG