Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавіўся “Жаночы клюб” для жонак і маці рэпрэсаваных


Радыё Свабода Аднавіў сваю дзейнасьць так званы”Жаночы клюб”, стварэньню якога ў свой час спрыяў кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі, вядомы нямецкі палітык і дыплямат Ханс-Георг Вік. Жонкі і маці зьніклых і рэпрэсаваных маглі тады зьбірацца разам у будынку місіі АБСЭ. Яны абмяркоўвалі сытуацыю і выпрацоўвалі стратэгію сумесных дзеяньняў. Колькасьць сябровак сучаснага клюбу значна большая.

Жанчыны зноў маюць магчымасьць зьбірацца разам. Іх аб’ядноўвае агульная бяда. У ранейшы клюб у АБСЭ прыходзілі Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, Вольга Захаранка, Зоя Кудзінава і Тацьцяна Клімава. Яны размаўлялі, раіліся, куды накіраваць заяву, у каго прасіць дапамогі. Потым, з павелічэньнем колькасьці палітвязьняў, колькасьць сябровак клюбу павялічылася. Галіна Сіўчык лічыць, што цягам апошніх некалькіх месяцаў іх стала столькі, што ім спатрэбіцца заля Палаца Рэспублікі, каб сабрацца разам.

(Сіўчык: ) “На жаль, клюб пашыраецца. Каб нам сабрацца ўсім разам, то трэба было б замаўляць Палац Рэспублікі. Толькі ў намётавым гарадку было больш за тысячу чалавек затрыманых. Мой сын, канешне, не ў турме. Ён вымушаны хавацца. У нас няма ні праваабарончых арганізацый, якія б паспрыялі вырашэньню гэтай праблемы, ні праваахоўных органаў, якія б выконвалі законы, прынятыя ў нашай сучаснай дзяржаве.”

Тацьцяна Леановіч, жонка Андрэя Клімава, ўзгадвае часы, калі яна першы раз прыйшла на сустрэчу ў АБСЭ. Яна разьлічвае, што цяпер яе мужу здолеюць дапамагчы. Спэцкамэндатура, дзе Андрэй адбывае пакараньне, знаходзіцца ў зоне з падвышанай радыяцыяй. Тацьцяна вельмі непакоіцца за ягонае здароўе.

(Леановіч: ) “Тады была такая новая зьява для сучаснай Беларусі, як палітзьняволеныя, зьніклыя апанэнты рэжыму. Мы былі ў шокавым стане. Спадар Вік адрэагаваў, калі Андрэя ў сьнежні 1999 году зьбілі ў турме. Сп.Вік дапамог, і Андрэя перавялі ў шпіталь. Я спадзяюся, што зараз місія АБСЭ зможа мне неяк дапамагчы.”

Жонка Міколы Статкевіча Валянціна стала новай сяброўкай клюбу. Для яе клюб перш за ўсё ёсьць маральнай падтрымкай.

(Статкевіч: ) “Думаю, што такі клюб патрэбны. Мы адчуваем падтрымку адна адной. Паехала ў гэтыя выходныя да мужа, але нечаканасьцю стала тое, што яго зноў забралі ў камэндатуру і не выпускалі. Захацелі – пасадзіла, захацелі – выпусьцілі. Ніякага закону няма. У такім клюбе мы можам усё абмеркаваць.”

Сяброўкі жаночага клюбу разьлічваюць на жаночую салідарнасьць і станоўчыя вынікі сваёй дзейнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG